Мікола Статкевіч у турме чытае Біблію. Вытрымкі з лістоў

01 красавіка 2011 16:01  |  Навіны

Экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, які разам з іншымі палітвязьнямі абвінавачваецца па ч.1 арт. 293 КК Беларусі (“Масавыя беспарадкі”),  знаходзіцца у СІЗА КДБ ужо больш за тры месяцы. Першыя 2 тыдні ў зняволенні ён трымаў галадоўку. 31 сакавіка пракуратура Менску накіравала ягоную справу ў Менcкі гарадскі суд. Сайт газеты “Наша Ніва” друкуе вытрымкі вытрымкі з лістоў, дасланых Статкевічам яго жонцы Марыне Адамовіч 23 і 31 студзеня, 9, 18 і 22 лютага, а таксама 23 сакавіка.

 ***

Ты пішаш, што таксама атрымала ад мяне два лісты. Ня ведаю, якія канкрэтна гэта лісты з напісаных мною, таму коратка перакажу навіны. Па-першае, не хвалюйся за мой фізічны і псіхалагічны стан. Так, галадоўка была цяжкай, на фоне траўмы, увесь час ішла сліза і макрота.

***

Так што перадай усім… я спыніў галадоўку: выхажу з яе, каб людзі дарэмна не хваляваліся за мяне.

***

Псіхалагічна я ў норме, бо не зрабіў і не зраблю нічога, за што было б сорамна.

***

Не хвалюйся за мяне. Я, безумоўна, яшчэ мужчынка дахляваты, але паступова аднаўляюся. Ёсць дробныя праблемкі, якія адна за другой знікаюць. Усе сістэмы арганізму працуюць нармальна, што нават крыху дзіўна, улічваючы мой стан напрыканцы галадоўкі. Але ж ты ведаеш нашу пароду.

***

Пра што я думаю? На першым месцы — пра блізкіх мне людзей — цябе, бацьку, дзяцей. Пра іхнюю «справу» ня думаю ўвогуле.

***

Пра бытавыя праблемы — для турмы дастаткова нармальныя. Дарэчы — адзін сусед выдатна гатуе салаты. І ўсю гародніну, што вы перадаяце, мы ўжываем.

***

Чытаю Біблію. Хутка скончу Стары запавет. Калі скончу чытаць усю кнігу, можна будзе перачытваць асобныя часткі. Гэту кнігу можна чытаць бясконца.

***

Дзякуй за перадачы. Кіпяцільнік на гэты раз нармальны. Цёплых рэчаў болей не трэба. Ідзе ў ход гарбата ў пакеціках, што ты перадала.

***

У мяне ўсё нармальна. Зараз стала больш магчымасцяў для чытання — кнігі і нават некаторыя газеты. Хаця Стары запавет я ўсё ж такі дачытаў.

***

Сёння атрымаў ад Вас пасылку — дзякуй вялікі. Усё вельмі смачна і да месца. Плед, які «займеў» учора, таксама спатрэбіўся.

***

Шмат чытаю. Шмат думаю пра Вас, як вы там?

***

Дзякуй за вельмі цёплыя лісты — яны вельмі важныя для мяне, як і любая рэч, перададзеная Вамі сюды.

***

Крыху пра здароўе. Мабыць ты ўжо ведаеш, у якіх абставінах і з-за чаго я спыніў галадоўку. Не хвалюйся. Я аднавіўся амаль цалкам. Праўда, засталася адна праблема — з вачыма. Па-першае, зноў пачынаюць, як заўсёды к лету, сохнуць вочы. Па-другое, падчас галадоўкі ўпаў бліжні зрок (дальні нармальны).

***

Адзін сусед, з якім я быў разам некалькі гадзін, падараваў мне свае зламаныя акуляры. Я шкельца да зламанай дужкі ніткамі прымацаваў і толькі так здолеў прачытаць Біблію з вельмі дробным шрыфтам. Мо таго суседа падкінуў лёс для гэтага?

***

Усё ў нас будзе добра.

Нагадаем, 31 сакавіка пракуратура Менску накіравала ў Менcкі гарадзкі суд крымінальную справу ў дачыненні да экс-кандыдатаў у прэзідэнты палітвязня Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Вуса.

“Пракуратура Менска сёння для вызначэння тэрытарыяльнай падсуднасці накіравала крымінальную справу па абвінавачванні Статкевіча і Вуса па ч.1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі (” Масавыя беспарадкі)”, – паведаміў агенцтву “Інтэрфакс” старэйшы памочнік пракурора Менска Сяргей Балашоў.
Статкевіч і Вус абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня мінулага года. Паводле артыкулаў абвінавачвання палітыкам пагражае да 15 гадоў зняволення.

У суд накіраваныя таксама матэрыялы ў дачыненні да найбольш актыўных паводле следства ўдзельнікаў масавых беспарадкаў: Аляксандра Квяткевіча, Дзмітрыя Буланава, Андрэя Пазняка, Арцёма Грыбкова, якія абвінавачваюцца ў зьдзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 293 КК, і Аляксандра Класкоўскага, абвінавачанага па ч. 1 і ч. 2 арт. 293 (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 382 КК (самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы).

Болей навін