Бацькі ў менскім Сухараве дамагаюцца беларускамоўнага садка, а маленькі Франак шукае аднакласнікаў у Берасці

01 красавіка 2011 17:14  |  Навіны

 

У сталічным мікрараёне Сухарава створаны бацькоўскі камітэт грамадзянаў, якія хочуць, каб іх дзеткі выхоўваліся ў беларускамоўных садках. Пра гэта паведаміла старшыня Менскай гарадской арганізацыі «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алена Анісім. А ў Берасці ствараецца беларускамоўны першы клас ў школе.

Камітэт створаны для таго, каб знайсці і з’яднаць неарганізаваных грамадзянаў, якія жывуць у Сухараве і хочуць даць сваім дзецям беларускамоўнае выхаваньне. «Бацькоўскі камітэт будзе рабіць усё неабходнае для адкрыцьця новых беларускамоўных групаў у садках мікрараёна», — сказала Анісім.

Бацькоўскі камітэт, адзначыла яна, не павінен дапусціць пераводу дзяцей з беларускамоўных групаў у рускамоўныя, а таксама дамагацца таго, каб прафесійны ўзровень выхавальнікаў беларускамоўных групаў адпавядаў іх задачам.

«Пры гэтым трэба ўлічваць, што па гэтых кірунках разам з бацькамі павінныя працаваць і чыноўнікі згодна з праграмай Міністэрства адукацыі, якая дзейнічае ўжо некалькі гадоў, і пастановай Савета Міністраў ад 27 студзеня 2010 аб пашырэньні беларускамоўнага навучаньня і выхаваньня», — адзначыла прадстаўніца ТБМ.

Паводле яе словаў, сітуацыя, якая склалася ў Сухараве з беларускамоўнымі садкамі, патрабуе падтрымкі грамадскасьці. У садку № 570 узбуйнілі беларускамоўную групу і дабралі ў яе дзяцей пяці-шасці гадоў, а на базе садка № 561 адкрылася беларускамоўная група. «Аснову гэтай групы склалі 12 дзяцей, бацькі якіх напісалі заявы, каб іх дочкі і сыны выхоўваліся па-беларуску. Пазней да гэтай групы далучылі яшчэ дзевяць чалавек, якіх дабіралі загадчыца дашкольнай установы і яе выхавальнікі, угаворваючы бацькоў», — сказала старшыня арганізацыі.

Такім чынам, адзначыла Анісім, небяспека ў тым, каб пазней гэтыя дзевяць дзяцей не сталі нейкім чынам перашкодай на шляху атрымання беларускамоўнага выхавання ў садку № 561.

«Бацькоўскі камітэт павінен будзе добра папрацаваць з бацькамі гэтых дзевяці дзяцей», — падкрэсліла Анісім.

У інтэрв’ю БелаПАН старшыня ТБМ Алег Трусаў выказаўся за стварэнне такіх бацькоўскіх камітэтаў пры ўсіх рэгіянальных структурах рэспубліканскага грамадскага аб’яднання.

Адзін з такіх бацькоўскіх камітэтаў ствараецца ў Берасці, але там бацькі спрабуюць адчыніць беларускамоўны першы клас у школе. З гэтай мэтай яны распачалі ў Берасці пошук іншых бацькоў, якія таксама хочуць, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску. У інтэрнэце распаўсюджваецца такі заклік: 

 

“Дапаможам маленькаму Франаку знайсьці аднаклясьнікаў ды вучыцца ў беларускамоўнай клясе! 

У гэтым годзе Франак пойдзе ў школу, бацькі хлопчыка шукаюць будучых першаклашак, чые бацькі таксама жадаюць навучыць сваіх дзяцей па-беларуску, каб стварыць беларускамоўную клясу. e-mail для кантактаў: [email protected] “.

Болей навін