Садоўскі пра ад’езд Радзінай: ні Севярынец, ні Рымашэўскі не пакінуць Беларусі
Адказны сакратар аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі пракамэнтаваў ад’езд зь Беларусі вядомай журналісткі і рэдактаркі сайту “Хартыі 97” Натальлі Радзінай. “Я на 100% упэўнены, што ані Павал Севярынец, ані Віталь Рымашэўскі, нягледзячы ні на якія пагрозы, ня зьехалі б зь Беларусі”, – падкрэсьліў ён
“Каб сапраўды ацаніць учынкі Алеся Міхалевіча і Натальлі Радзінай трэба пабываць у іх сытуацыях. Таму я іх не асуджаю і не заклікаю кагосьці навешваць на іх ярлыкі. Кожны прымае рашэньні ў залежнасьці ад сытуацыі, у якой ён знаходзіцца”, – сказаў Дзяніс Садоўскі.
“Зараз асноўная праца вядзецца і павінна весьціся на Беларусі. Таму лідары павінны заставацца тут. Напрыклад, Віталь Рымашэўскі ня зьехаў і не зьбіраецца гэтага рабіць, хоць у яго адрас паступала і працягвае паступаць шмат пагрозаў. Гэта паказчык ягонай мужнасьці і стойкасьці. Галоўнае, што трэба рабіць разам, – гэта трымацца разам, аб’ядноўваць усе сілы для вызваленьня вязьняў. Калі Натальля Радзіна лічыць, што яна зможа зрабіць для гэтага больш за мяжой, то гэта яе права”, – адзначыў палітык.
Дакладныя зьвесткі пра месцазнаходжаньне Натальлі Радзінай адсутнічаюць зь вечара 31 сакавіка. Некаторыя крыніцы паведамляюць, што яна знаходзіцца за межамі Беларусі, але сама журналістка пакуль гэта не пацьвердзіла.