Віталь Рымашэўскі пачаў знаёміцца са справай
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя”, экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі 2 красавіка у КДБ распачаў знаёмства са сваёй справай адносна падзеяў 19 сьнежня 2010 года ў Менску.
“Хутчэй за ўсё мяне будуць судзіць разам зь Някляевым, Фядутам, Палажанкай і іншымі, каму на гэтым тыдні зьмянілі абвінавачваньне. КДБ прысьпешвае, каб я азнаёміўся са сваёй справай да канца тыдню”, – адзначыў сустаршыня БХД,
Віталь Рымашэўскі таксама паведаміў, што ў першы дзень, правёўшы ў КДБ пяць гадзінаў – з 12:00 да 17:00, ён здолеў азнаёміцца з 4-ма з паловай з 20-ці тамоў справы.
Нагадаем, што 30 сакавіка падчас допыту Віталю Рымашэўскаму прад’явілі новае абвінавачваньне паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”). Абвінавачваньне было таксама зьмененае Насьце Палажанцы, Уладзіміру Някляеву, Аляксандру Фядуце, Сяргею Вазьняку і Андрэю Дзьмітрыеву.Як паведамляецца, неўзабаве падобнае абвінавачваньне будзе прад’яўленае і другому сустаршыню БХД Паўлу Севярынцу.