«Хто яшчэ хоча ў прэзідэнты?» – пэрфоманс моладзі БХД на рынку ў Ждановічах (Відэа)

04 красавіка 2011 11:42  |  Навіны

Моладзь БХД у нядзелю 3 красавіка зладзіла на рынку ў Ждановічах палітычны пэрфоманс. У гіпермаркеце «Свет Моды» і па рынку «Ждановічы» імправізаваны КДБэшнік вадзіў са сабой на вяроўцы “кандыдата ў прэзідэнты” са скручанымі рукамі і мяшком на галаве. На грудзях ў зьняволенага кандыдата была шыльда “Хто яшчэ хоча ў прэзідэнты?”.

 

Гэтая працэсія свабодна хадзіла па рынку ў вялікім натоўпе народу напрацягу паўгадзіны. Рэакцыя людзей была рознай, некаторыя пужаліся, некаторыя ўсьміхаліся, але ніхто не заставаўся абыякавым. Усе імкнуліся прачытаць надпісы на шыльдачках. У выніку акцыі ніхто затрыманы ня быў.

 

Перад пачаткам акцыі быў запісаны відэазварот да беларускай інтэрнэт-супольнасьці і асабіста да блогера Будзіміра, які распачаў галадоўку.

 

Як распавяла прэс-службе БХД лідэр малады хрысьціянскіх дэмакратаў Любоў Каменева: “У гэтай акцыі было 2 галоўныя мэты. Першая – зрабіць праблему існаваньня палітвязьняў у Беларусі больш нагляднай і паставіць чалавека перад выбарам: ці ён ігнаруе праблему, ці актыўна рэагуе на беззаконьне з боку ўлады. Другая – заклікаць блогераў да рэальных дзеяньняў, каб яны не толькі ў інтэрнеце праяўлялі сваю  актыўнасць, а вышлі з інтэрнету на вуліцу, да звычайных людзей.”


 

Болей навін