Віталь Рымашэўскі: суд над намі пачнецца неўзабаве
Экс-кандыдат у прэзыдэнты, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі 4 красавіка працягнуў знаёмства са сваёй справай у КДБ, вывучыўшы ўжо 14 тамоў. “Наколькі я разумею, суд над намі будзе неўзабаве”, – адзначыў ён.
Паводле словаў палітыка, большая частка вывучаных за 4 красавіка дакумэнтаў тычылася кампаніі “Гавары праўду!”. “Дзякуючы гэтаму я ў лепшы бок зьмяніў сваё стаўленьне да Аляксандра Фядуты, бо, зыходзячы зь яго паказаньняў, ён досыць годна паводзіць сябе ў турме й на допытах”, – паведаміў палітык.
Пракамэнтаваў Віталь Рымашэўскі і зьмякчэньне прысуду другому сустаршыню БХД Паўлу Севярынцу. “Я ведаў, што яму таксама хутка інкрымінуюць новае абвінавачваньне. Сьледчыя мне паведамлялі пра гэта, але я ня ведаў, наколькі гэтаму можна было давяраць”, – распавёў сустаршыня БХД.
“Гэтыя абвінавачваньні даюць ім адзіныя фармальныя падставы для суду над намі, але гэта ня значыць, што працэсы не зьяўляюцца палітычнымі. У 2006 годзе людзі масава выйшлі на праспэкт, а ў 2001-м – нават захапілі Палац прафсаюзаў, але, калі не памыляюся, крымінальныя справы з гэтых прычынаў нават не ўзбуджаліся”, – падкрэсьліў Віталь Рымашэўскі.