Тацяна Севярынец пра зьмякчэнне абвінавачваньня Паўлу: «Усе гэтыя абвінавачаньні — бязглузьдзіца»
Тацяна Севярынец, маці зьняволенага лідэра БХД Паўла Севярынца пракамэнтавала навіну пра тое, што яе сыну выставілі больш мяккае абвінавачаньне. Тацяна Яўгенаўна не хавала: яна супярэчліва паставілася да навіны, што сыну Паўлу ды яшчэ тром вязьням зьмякчылі абвінавачаньне і цяпер замест 15 гадоў ім пагражае максымум тры гады за нібыта арганізацыю дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак.
«Як маці мне крышачку лягчэй стала, але гэтага недастаткова», — кажа Тацяна Севярынец. — «Бо я лічу і перакананая, што ўсе вязьні, усе, хто толькі атрымаў абвінавачаньні і хто ўжо асуджаны, яны ні ў чым не вінаватыя. Вінаватыя яны, бадай што, толькі ў тым, што маюць пачуцьцё ўласнай годнасьці і маюць сьмеласьць і мужнасьці пра гэта заяўляць. Што яны ня згодныя з рэжымам, ня згодныя гэтак жыць, як жыве наш народ пры гэтым рэжыме. А ўвогуле ўсе гэтыя абвінавачаньні — бязглузьдзіца».