Пададзеная заяўка на “Чарнобыльскі шлях-2011”
У Менгарвыканкам пададзеная заяўка на правядзеньне 26 красавіка традыцыйнага шэсьця “Чарнобыльскі шлях” у 25-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пра гэта паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі, адказны сакратар аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі.
Дзяніс Садоўскі распавёў: “У пятніцу, 1 красавіка, адбылося пасяджэньне аргкамітэта па правядзеньні “Чарнобыльскага шляху”, мы выпрацавалі канчатковы фармат правядзеньня акцыі”. Фармат акцыі традыцыйны: удзельнікі плянуюць сабрацца на пляцоўцы каля будынку прэзыдыюму Акадэміі навук, пачынаючы з 17.45, адкуль у 18.30 распачнецца шэсьце ў бок Чарнобыльскай капліцы ля парку Дружбы народаў. Там адбудзецца невялікі мітынг.
Заяўку, акрамя Садоўскага, падпісалі кіраўнік аргкамітэту па правядзеньні “Чарнобыльскага шляху” Юры Хадыка і адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Мікалай Пахабаў.
“Мы гатовыя ўзгадняць парадак правядзеньня шэсьця і мітынгу зь Менгарвыканкамам. Калі колькасьць удзельнікаў шэсьця будзе меншая за пяць тысяч чалавек, мы павядзем калёну па пешаходных зонах”, – сказаў Садоўскі ў інтэрвію БелаПАН.
Заяўка была пададзеная вечарам 4 красавіка.