Сябры БХД удзельнічаюць у пошуках зьніклых у Віцебску дзяцей
Шасьцёра віцебскіх сяброў аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” ўдзельнічаюць у пошуках двух васьмігадовых хлопчыкаў – Ігара Галімскага і Ўладзіслава Юрава. Пра гэта паведаміла віцебская каардынатарка БХД Тацьцяна Севярынец.
Сябры БХД зьбіраюцца кожны дзень а 15-й гадзіне і далучаюцца да пошукаў па вызначаных квадратах, яны абшукваюць узьбярэжжа Дзьвіны, закінутыя пабудовы і іншае, расклейваюць аб’явы.
Нагадаем, што хлопчыкі зьніклі 24 сакавіка. Дагэтуль пра іх нічога невядома.
1) Галімскі Ігар Русланавіч (правае фота): на выгляд восем гадоў, рост 160 сантымэтраў, хударлявага целаскладу, вочы карыя, валасы прамыя цёмна-русыя. Быў апрануты: дублёнка карычневага колеру, шапка вязаная чорнага колеру з мультыплікацыйным малюнкам, швэдар сіні шэрыя нагавіцы, боты зімовыя чорнага колеру, заплечнік чорны з аранжавымі ўстаўкамі. Асаблівыя прыкметы: на правай руцэ ў раёне вялікага пальца сьлед ад апёку.
2) Юраў Уладзіслаў Эдуардавіч (левае фота): на выгляд восем гадоў, рост 140 сантымэтраў, хударлявага целаскладу, вочы блакітныя, валасы прамыя сьветла – русыя. Быў апрануты: шапка вязаныя цёмна-сіняга колеру з лягатыпам пума, куртка з капюшонам падоўжаная аранжавага колеру з блакітнымі ўстаўкамі на грудзях, джынсы сіняга колеру, боты чорнага колеру з аранжавымі палоскамі на маланцы. Асаблівыя прыкметы: шнар пад левай брывом.