Адвакаты Лобава і Дашкевіча падалі касацыйныя скаргі
Адвакаты Зміцера Дашкевіча і Эдуарда Лобава падалі касацыйныя скаргі на прысуды сваіх падабаронных у Менскі гарадскі суд. Да разгляду гэтых скаргаў актывісты Маладога фронту будуць лічыцца несудзімымі, а вырак у адносінах іх не ўступіць у законную сілу.
У сваіх заявах Мар’яна Сямешка і Алена Аўсяннікава, якія абараняюць маладафронтаўцаў, звяртаюць увагу на шэраг працэсуальных парушэнняў, а таксама неадпаведнасць высновы суддзяў рэальным матэрыялам справы.
Супрацоўніца цэнтру Вясна праваабаронца Наста Лойка распавяла:
“Пададзеныя дзве касацыйныя скаргі: і па Эдуарду Лобаву і па Змітру Дашкевічу. У хуткім часе чакаецца разгляд касацыйнай інстанцыі. Да гэтага часу прысуд не будзе уступаць у сілу, то бок пакуль яны лічацца не асуджанымі.
Скаргі звычайная пішуцца ў агульных рысах: пералічвацца нейкія фармальныя парушэнні працэсу следства, а больш шырока гэта раскрываецца на самім судовым паседжанні. Там менавіта заўвагі адносна парушэнняў працэсуальных нормаў, неабгрунтаваных высноваў суду, адвакаты просяць прызнаць невінаватымі і спыніць крымінальны пераслед.”
Паводле Лойкі, касацыйная інстанцыя абавязана будзе яшчэ раз вывучыць матэрыялы справы, даследаваць паказанні сведак і даць сваё заключэнне. Да паўторнага разгляду асуджаныя за нібыта напад на невядомых грамадзянаў актывісты Маладога фронту правядуць у СІЗА на Валадарскага ў Менску.