Паказ фільма “Няскораная” 7 красавіка ў дзень памяці Ларысы Геніюш (Відэа-анонс)

06 красавіка 2011 20:47  |  Галоўныя навіны

У чацьвер 7-га красавіка, які супадае з праваслаўным Дабравесьцем і днём сьмерці беларускай паэткі, патрыёткі і шчырай хрысьціянкі Ларысы Геніюш на ўправе БНФ на пр. Машэрава, 8 — былой вуліцы Варвашэні ў 18-00 адбудзецца паказ фільма тэлеканала Белсат “Няскораная”, прысьвечаны Ларысе Геніюш, і сустрэча з археолагам і грамадскім дзеячом Міхасём Чарняўскім з успамінамі пра нашую слувутую паэтку і нязломную хрысьціянку. Паказ фільма праходзіць у межах акцыі абароны сядзібы на Машэрава, 8.

Фільм “Няскораная”, зьняты тэлеканалам Белсат у 2010-м годзе да 100-х угодкаў нараджэньня вялікай беларускі, імя якой наганяла жах на савецкія ўлады. Стужка складаецца зь дзьвюх частак па 30 хвілінаў кожная. У фільме выкарыстоўваюцца інсцэнізацыі, унікальныя кіна- і аўдыёзапісы вялікай паэткі, а таксама рэдкія і малавядомыя фотаздымкі. Фільм здымалі ў Менску, Зэльве, Вільні, Празе. Галоўны апавядальнік – Міхась Скобла. Сваімі думкамі пра яе дзеляцца Уладзімір Арлоў, Аляксей Пяткевіч, Міхась Чарняўскі, Данута Бічэль ды інш. Прэм’ера фільму адбылася ў жніўні 2010 г.

 

Таксама 7 красавіка ў 13-00 у Сьвята-Петра-Паўлаўскім саборы г. Менска (вул. Ракаўская, 4) адбудзецца традыцыйная паніхіда ў памяць Ларысы Геніюш, а таксама іншага шчырага беларуса-хрысьціяніна, сусьветна вядомага гісторыка царквы протапрасьвітара Віталя Баравога. 

Ужо стала традыцыйным штогадовае малітоўнае памінаньне памяці гэтых славутых беларускіх дзеячаў у менскім Петра-Паўлаўскім саборы. Абодва яны  адышлі да Госпада ў сьвяты дзень Дабравесьця — дзень, які апяваецца як “пачатак нашага збаўленьня”. Таму асаблівая наша малітва ў гэты дзень за іх, якія прыклалі ўсе свае намаганьні дзеля таго, каб і шлях нашага народа быў шляхам да Бога, шляхам да збаўленьня.

 

 

Болей навін