У 2010 годзе ў Беларусі нарадзілася на 1.690 дзяцей менш, чым у 2009-м

07 красавіка 2011 09:31  |  Навіны

Паводле папярэдніх звестак, у 2010 годзе ў Беларусі нарадзілася 108.123 дзіцяці — на 1.690 менш, чым у 2009-м (109.813), паведаміла на прэс-канферэнцыі 6 красавіка ў Мінску вядучы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Маці і дзіця” Ірына Мітрашэнка.

Паводле яе слоў, паказчык нараджальнасці ў 2010 годзе склаў 11,4 на тысячу насельніцтва (у 2009-м — 11,6), тым не менш у 2000 годзе паказчык нараджальнасці складаў 9,4 на тысячу насельніцтва.

 

У цэлым колькасць дзіцячага насельніцтва ў Беларусі скарачаецца: калі ў 80-х гадах мінулага стагоддзя ў краіне пражывалі прыкладна 2,5 млн. дзяцей, то сёння — каля 1,75 млн., з якіх 952 тыс. — школьнага ўзросту, падкрэсліла спецыяліст.

 

Мітрашэнка зазначыла, што меры, прынятыя для аховы мацярынства і дзяцінства, дазволілі дасягнуць узроўню медыцынскай смяротнасці ў 2010 годзе — чатыры выпадкі на тысячу жыванароджаных (10,5 у 2000 годзе), паказчыка мёртванараджальнасці — 2,7 на тысячу жыва- і мёртванароджаных (5,9 у 2000 годзе), каэфіцыента смяротнасці дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў — 5,4 на тысячу жыванароджаных (13,4 у 2000 годзе).

 

Апрача таго, узрастае паказчык выжывальнасці дзяцей, якія нарадзіліся з экстрэмальна нізкай масай цела (ад 500 да 1.000 грамаў). Калі ў 2000 годзе выжывалі 28,4% такіх дзяцей, то ў 2010-м — 75,2%.

Мітрашэнка падкрэсліла, што гэтыя паказчыкі з’яўляюцца самымі нізкімі сярод краін былога СССР і знаходзяцца на ўзроўні развітых краін, кантралююцца Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя і “адлюстроўваюць не толькі ўплыў біялагічных фактараў рызыкі на смяротнасць дзяцей, але і ўзровень сацыяльнага дабрабыту грамадства”.

Болей навін