Праваслаўныя сьвяткуюць Дабравесьце найсьвятой Багародзіцы
“Радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою” (Лк.1:28) – гэта словы Пасланца нябёсаў, зьвернутыя да Маці Божай, з якіх пачынаецца збаўленьне роду чалавечага. Гэтыя словы абвяшчаюць свету таямніцу Богаўцялесьненьня, прыносяць вестку з нябёсаў аб вялікай любові Бога да чалавека. Сын Божы становіцца Сынам Дзевы.
З днём Дабравесьця ў беларусаў было зьвязана шмат народных павер’яў і абрадаў. У гэты дзень выпускалі на волю птушак і кармілі іх адборным зернем, бо лічылі іх Божымі весьнікамі. Ідучы ў храм на Набажэнства, лічылася неабходным апрануць чыстую і прыгожую вопратку, але не новую, бо новае толькі зьдзяйсьняецца. У дзень Дабравесьця сонца гуляе як на Вялікдзень, вітаючы Госпада і Багародзіцу. Людзі ў гэты дзень імкнуліся паводзіць сябе спакойна і прыязна, паколькі верылі, што любы разлад можа выклікаць няшчасьце ў сям’і.