Рух “За Свабоду” – супраць эканамічных санкцый для Беларусі

08 красавіка 2011 14:15  |  Навіны

Рух “За Свабоду” супраць эканамічных санкцый для Беларусі. Такую пазіцыю падчас дэбатаў прыхільніка байкоту парламенцкіх выбараў Віктара Івашкевіча і аўтара “Стратэгі 2012” Уладзіміра Мацкевіча ў менскай сядзібе БНФ агучыў Юрась Губарэвіч.

Паводле палітыка, эканамічны ціск, калі да грамадства праз дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі не можа быць данесена яго мэта, можа прывесці да яшчэ большага паніжэння рэйтынгу апазіцыі. Па выніках дэбатаў з Юрасём Губарэвічам пагутарыў наш карэспандэнт Радыё “Рацыя” Барыс Гарэцкі:

РР: Спадар Юрась, чаму Рух “За Свабоду” так баіцца эканамічных санкцый Еўропы?

– Рух “За Свабоду” не баіцца эканамічных санкцый, Рух “За Свабоду” засцерагаецца ад непрадуманых дзеянняў, якія не будуць мець эфекту, альбо будуць мець эфект, адваротны чаканаму. Гэта рашэнне павінна прымацца ў залежнасці ад мяркуемага выніку. Таксама трэба ўлічваць, што абгрунтаванне ўвядзення эканамічных санкцый павінна быць даведзена да беларускага насельніцтва. Калі ў выніку такога рашэння стаўленне насельніцтва да апазіцыі яшчэ больш пагоршыцца, а дзяржаўная прапаганда зробіць усё магчымае, каб так і адбылося, але неабходныя вынікі не будуць дасягнутыя, мы лічым, што такія дзеянні не з’яўляюцца апраўданымі.

РР: На Вашу думку, калі на момант парламенцкіх выбараў у турмах будуць знаходзіцца палітычныя вязні, ці варта ў іх удзельнічаць?

– Мы з’яўляемся прыхільнікамі “Стратэгі 2012”, у якой закладзена, што перамовы з рэжымам пры ўмове знаходжання ў Беларусі палітвязняў і працягу палітычных рэпрэсій немагчымыя. Натуральна, што вызваленне палітычных вязняў і спыненне палітычных рэпрэсій павінна быць першай у мяркуемым дыялогу.

 

РР: Як на Вашу думку гэтага можна дамагчыся пры адмове ад эканамічных санкцый?

 

– Ёсць розныя чыннікі, якія могуць паўплываць на вырашэнне гэтае праблемы. Сёння відавочна, што крокі па змякчэнні артыкулаў крымінальных, па якіх абвінавачваюцца людзі, ёсць вынікам такіх чыннікаў. На жаль, ад апазіцыі тут мала што залежыць, больш залежыць ад эканамічнай сітуацыі ўнутры Беларусі і ўзгодненай пазіцыі дэмакратычных дзяржаў.

 

РР: Але што апазіцыя можа зрабіць, каб сітуацыя ў краіне ўсё ж у большай ступені залежала ад яе?

 

– Перш за ўсё працаваць з насельніцтвам і даваць адказы на пытанні, якія хвалююць нас сёння – з эканомікай, з іншымі праблемамі. Таксама праводзіць вялікую тлумачальную працу з людзьмі адносна сваіх прапаноў. Апазіцыя павінна прапанаваць альтэрнатыўнае бачанне будучыні Беларусі.

 

РР: Ці не здаецца Вам, што Ваш апанент сёння, Віктар Івашкевіч, значна больш займаецца працай з насельніцтвам, чым яго праціўнік Уладзімір Мацкевіч?

 

-: Абсалютна не здаецца. Тут трэба глядзець па выніках такой працы, ніякіх канкрэтных вынікаў за спадаром Івашкевічам я прыгадаць не магу.

Болей навін