Дзьмітрук: грошадрукару Пракаповічу трэба паставіць помнік

08 красавіка 2011 16:50  |  Галоўныя навіны

Адказны за эканамічныя пытаньні сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Георгі Дзьмітрук, камэнтуючы цяжкае эканамічнае становішча ў Беларусі, прапанаваў паставіць помнік старшыню Нацбанку Беларусі Пятру Пракаповічу побач з помнікам Францішку Скарыну ля Нацыянальнай бібліятэкі.

 

“Скарына быў беларускім першадрукаром, а Пракаповіч стаў самым галоўным беларускім грошадрукаром. Таму я лічу,што было б правільна, калі б грамадзтва годна ацаніла ягоную дзейнасьць”, – пажартаваў сустаршня БХД, адзначыўшы, што ўсе праблемы эканомікі сёньня вырашаюцца друкавальным станком, увесь дысбалянс зачыняецца с дапамогай друкаваньня грошаў.

 

“Шмат хто з эканамістаў, беручыся за ацэнку беларускай эканомікі, адразу робіць памылку, лічачы беларускую эканоміку рынкавай. Гэта няправільна. Беларуская эканоміка нярынкавая, яна адмінстратыўна-камандная з элемэнтамі рынкавай. Прычым рынкавыя мэханізмы ў ёй носяць толькі абарончыя функцыі. Мне беларуская эканоміка нагадвае стандартную кампутарную праграму, якая можа пэўны час эфэктыўна працаваць, але, сутыкаючыся зь незапрагамаванымі дзеяньнямі, праблемамі, яна перастае функцыянаваць. Яна перастае спраўляцца з пастаўленымі задачамі і прыводзіць да каляпсу”, – мяркуе Георгі Дзьмітрук.

 

“Людзі зьдзіўляюцца, чаму ўрад не прадпрымае ніякіх дзеяньняў. Але было б дзіўна, калі б ён штосьці рабіў. Трэба мяняць сам падыход да эканомікі, яе структуру. Аднак для гэага патрэбнае палітычнае рашэньне, і, падообна, што гэтага рашэньня ня будзе. Выбраны курс ня будзе мяняцца, і ў рэшце рэшт мы атрымаем сытуацыю пачатку 90-х, калі ніякія інвэстыцыі, ніякія ўліваньні не маглі дапамагчы”, – паведаміў эканаміст.

 

“У выніку дысбалянсу ў эканоміцы мы атрымліваем банальнае павышэньне коштаў, калі грэчка, якая вырабляецца тут, каштуе па 16 тыс. за кіляграм, а прывазны рыс – 5 тыс. Тое ж самае і з цукрам, і з хлебам, і іншымі прадуктамі. Так і мясцовае ж мяса ў нас каштуе даражэй, чым у краінах, якія яго імпартуюць. Аграмадныя дзюры ў эканаміцы даводзіцца латаць, але некіруемасьць эканомікі ўлады здольныя выправіць толькі павышэньнем коштаў. І гэтае павышэньне коштаў неапошняе, усё будзе даражаць: прадукты, бэнзын і іншае”, – лічыць сустаршыня БХД.

 

“Што тычыцца абменнага курсу рублю, дык ён таксама не зьяўляецца рынкавым, ён разьліковы. Курс не залежыць ад якіхсьці рынкавых эканамічных фактараў. Дзяржава можа намаляваць сабе любы курс, які яна толькі хоча, бо ён не залежыць ад рынку, а толькі ад палітычнай волі ўладаў”, – падкрэсьліў адзін зь лідараў “Беларуская хрысьціянскай дэмакратыі”.

Болей навін