У памяць змагароў за незалежнасць Беларусі
Арганізацыя Беларуская Нацыянальная Памяць у Польшчы запрашае на страйкбольную гульню, прысвечаную памяці славутага беларускага партызана Якуба Харэўскага-Новіка і ўсіх ўдзельнікаў збройнай барацьбы за вызваленне Беларусі. Як адзначыў яе старшыня, сябра Нацыянальнай Рады БХД арганізацыі Анатоль Міхнавец, на 2-га красавіка прыпадалі 43-я ўгодкі з дня смерці Якуба Харэўскага:
– Ён загінуў у аўтамабільнай катастрофе ў 1968 годзе разам са сваім ад’ютантам. Большасць даследчыкаў схіляецца да версіі, што гэта было забойства. Забойства было зроблена, зразумела, КДБ СССР. Якуб Харэўскі – гэта славуты беларускі партызан, які з 20-га года і да 48-га змагаўся за незалежнасць Беларусі. Змагаўся з усімі тымі, хто хацеў яе паняволіць – палякамі, немцамі, “чырвонымі”, расейцамі. Гэтай страйкбольнай гульнёй мы хочам ушанаваць яго памяць, ушанаваць памяць усіх тых змагароў, якія змагаліся. І зразумела, хочам, каб нашая моладзь была мацней. Гэта цікавая гульня.
Гульня адбудзецца 9 красавіка недалёка ад Варшавы. Перад пачаткам кожны атрымае свой камплект рыштунку. Будзе таксама праведзены інструктаж адмыслоўцамі з каманды “Чорны кот”. Кошт удзелу – 30 злотых. Колькасць месцаў абмежаваная, таму ўсіх ахвотных запрашаюць звяртацца праз электронную скрыню Беларускай Нацыянальнай Памяці [email protected]