Любоў Каменева: “На ўзроўні моладзі, апазіцыя аб’яднаецца”
У маладых дэмакратаў у Беларусі няма іншага выйсця, як пашыраць уласныя структуры і аб’ядноўвацца ў стратэгічныя кааліцыі, – лічыць Любоў Каменева. З такім меркаваннем кіраўнічка Маладых хрысціянскіх дэмакратаў (Моладзь БХД) выступіла падчас V з’езду Моладзі БНФ, які працягвае сваю працу ў Мінску.
Любоў Каменева упэўненая, што калі старэйшыя палітыкі не імкнуцца да аб’яднання высілкаў і ўвесь час сустракаюць на гэтым шляху унутраныя перашкоды, прыклад ім павінна паказаць беларуская моладзь:
– У нас проста няма іншага выйсця. У нас застаецца толькі аб’ядноўвацца, таму што не можам пакуль перамагчы сваіх эмоцый – гэта выявілася 19 снежня. Нам застаецца толькі пашыраць свае структуры, аб’ядноўвацца і спрабаваць перамагчы сваім розумам. Я спадзяюся, што ўрэшце, можа на ўзроўні моладзі, апазіцыя аб’яднаецца. Мне вельмі прыемна сюды сёння прыйсці і падтрымаць сваіх сяброў і аднадумцаў – я жадаю, каб яны развіваліся, каб сталі больш магутнай арганізацыяй і каб яны нарэшце змаглі супрацоўнічаць з іншымі.
Перад удзельнікамі V з’езду Моладзі БНФ у штаб-кватэры ў Мінску выступаюць сябры рады моладзевай арганізацыі. З прывітальным словам да дэлегатаў звярнулася таксама кіраўніцтва Беларускага народнага фронту, старшыня «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч, а таксама прадстаўніца Нацыянальнага альянсу Украіны Мая Москвыч.