А павінны, а мусім… (Верш)
У рубрыцы “Верш на сайце БХД” па прапанове вядомай беларускай паэткі Галіны Каржанеўскай сёння падаем верш народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча. Ён надрукаваны 25 сакавіка 2011 года ў нізцы вершаў класіка беларускай літаратуры «Лёс твой — свабода» выбранае з выбранага (1994–2010) ў дадатку «Літаратурная Беларусь» да штотыднёвіка «Новы час».
А ПАВІННЫ, А МУСІМ…
Беларускую справу
Трэба, хлопцы, рабіць
Не цяп-ляп, а на славу.
Справу трэба любіць!
Цяпам-ляпам, паспешна,
Мы і цэлым гуртом
Не збудуем належна
Беларускі наш дом.
А павінны, а мусім
Так яго збудаваць,
Каб майстроў Беларусі
Свет з’язджаўся вітаць.
А павінны, а мусім
Так свой гонар явіць –
Каб у дом Беларусі
Бог зайшоў блаславіць.
Ніл Гілевіч