З Акрэсціна выйшаў Мікола Дземідзенка (фотарэпартаж)
З ізалятара часовага ўтрымання на Акрэсціна выйшаў апошні затрыманы за святкаванне Дня Волі – сябра БХД, актывіст Маладога фронту Мікола Дземідзенка.
Да брамы ізалятара сустракаць хлопца прыйшлі яго сябры і паплечнікі. Сустрэць сябра прыехаў таксама адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.
Супрацоўнікі міліцыі вырашылі ў гэты раз не вывозіць затрыманага з турмы і выпусцілі яго наўпрост з брамы, але больш чым на гадзіну раней тэрміну.
Мікола Дземідзенка распавёў, што ўвесь час знаходжання за кратамі ён пачуваў сябе вельмі дрэнна, таму што апошнія пяць сутак у ягонай камеры стаяла адмоўная тэмпература – ацяпленне было адключана, з рота ўвесь час ішоў пар.
Яшчэ ён распавёў, што днямі да яго прыязджаў супрацоўнік КДБ, а таскама праводзіў гутарку начальнік ізалятара на Акрэсціна. Начальнік папярэдзіў Міколу, што ў выпадку актыўнага ўдзельніцтва ў бліжэйшай акцыі – «Чарнобыльскім шляху» – актывіст можа зноўку патрапіць пад адміністрацыйны арышт.
Па словах Міколы Дземідзенкі, жыццёвых сілаў за гэтыя 15 дзён яму давалі перадачы, якія штодзённа перадавалі актывісты Маладога фронту. Сам Мікола не збіраецца спыняць сваю палітычную дзейнасць.