Сустрэча аргкамітэту БХД у Магілёве (фотарэпартаж)
10 красавіка ў Магілёве прайшла сустрэча гарадскога аргкамітэту БХД з удзелам гарадскога і абласнога каардынатараў аргкамітэту БХД Тацяны Шамбававай і Таісіі Кабанчук, а таксама адказнага сакратара БХД Дзяніса Садоўскага і сябра ўправы аргкамітэту Валерыі Чарнаморцавай зь Менску.
На сустрэчы прысутнічала каля 30 чалавек, у асноўным, новыя сябры і прыхільнікі Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, якія далучыліся да аргкамітэту падчас апошняй выбарчай кампаніі. Была абмеркаваная хада прэзідэнцкай выбрачай кампаніі, агульнапалітычная сітуацыя ўнутры Беларусі і ў міжнародным аспекце, а таксама кампаніі салідарнасьці з палітвязьнямі, супраць артыкула 193.1, падрыхтоўка да Чарнобыльскага Шляху, культурніцкія праекты. Было адзначана, што ў Магілёве за кандыдата ад БХД Віталя Рымашэўскага было сабрана больш за 6000 подпісаў
У інтэрвію прэс-службе БХД пасьля магілёўскай сустрэчы Дзяніс Садоўскі зазначыў: “Я ўжо прысутнічаў на шматлікіх сустрэчах у рэгіёнах і бачу, што нашая праца падчас выбарчай кампаніі не прайшла марна. Падчас кампаніі мы зрабілі акцэнт на далучэньне новых людзей і зараз бачым вынікі: дзясяткі новых сябраў аргкамітэту ў кожным горадзе. Гэта яскравае сьведчаньне, што беларусы даведаліся і падтрымалі Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю”.