Праз выбух у Менску КДБ распачаў допыты на Гомельшчыне

13 красавіка 2011 11:48  |  Галоўныя навіны

Каардынатар аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” па Гомельскай вобласьці Юры Клімовіч паведаміў, што яго 12 красавіка ў сувязі з тэрактам у Менску выклікалі ў мясцовы КДБ.

 

“Дапытвалі пра асобных сяброў і прыхільнікаў БХД. Прычым пыталіся пра канкрэтных людзей, якія прысутнічалі 19 сакавіка на сустрэчы з Вадзімам Кабанчуком. Я так разумею, што яны ўсё праслухоўвалі, альбо ў іх быў стукач. Пыталіся менавіта пра прозьвішчы, відаць яны нічога канкрэтнага ня ведаюць. Допыт вёўся не пад запіс, таму я не даваў ніякай падпіскі. Паколькі я адмовіўся штосьці казаць, яны сказалі, што будуць выклікаць усіх”, – распвёў Юры Клімовіч.

 

“Гэта ўсё ліпа. Нават вонкава гледзячы на гэтых людзей, разумееш усю недарэчнасьць пытаньняў. КДБ проста быў загад зьверху і ім патрэбная бачнасьць працы”, – падкрэсьліў гомельскі каардынатар БХД.

 

Ён таксама распавёў, што ў Мазыры ўжо 11 красавіка а 22:00 патэлефанавалі яго намесьніку па абласным аргкамітэце, каардынатару БХД па Мазыры Алесю Кавальчуку. “Яго запыталі, ці быў ён дома, а пасьля папрасілі падысьці і здаць адбіткі пальцаў. На гэта ён адказаў, што нікуды ня пойдзе, а яны, калі хочаць, хай шукаюць яго самі. Верагодна, што ўлады будуць зноў дзёргаць усіх, як пасьля падзеяў 19 сьнежня”, – адзначыў Юры Клімовіч.

Болей навін