Рымашэўскі: хваля рэпрэсій супраць апазыцыі ўзмоцніцца
Былы кандыдат у прэзыдэнты ад незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі перакананы, што пасьля тэракту ў менскім метро беларускую апазыцыю чакае “новая хваля рэпрэсій, яшчэ большая, чым пасьля 19 сьнежня”. Дзеяньні кіраўніцтва краіны, якое ініцыюе”зачыстку па ўсіх напрамках”, у тым ліку і допыты прадстаўнікоў апазыцыі, лідэр БХД лічыць недальнабачным.
“Калі мэта гэтага выбуху – унесьці раскол і канфрантацыю ў грамадзтва, то тады атрымліваецца, што ўлады ідуць на повадзе ў гэтых невядомых заказчыкаў, хто б гэта ні быў, -цытуе Віталя Рымашэўскага сайт АДС.
Палітык перакананы, што трагічныя падзеі 11 красавіка павінны зьяднаць беларускае грамадзтва. Па словах Віталя Рымашэўскага, кропкі судакрананьня могуць знайсьці і ўлада і апазыцыя, бо “няма нічога больш каштоўнага за чалавечае жыцьцё”.