Віцебскія прыхільнікі БХД ушанавалі памяць ахвяраў менскага тэракту

13 красавіка 2011 22:13  |  Грамадства

Прыхільнікі “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” а 17:55 13 красавіка ў Віцебску на Плошчы Перамогі на месцы, дзе раней да рэканструкцыі стаяў знак нулявога кілямэтру, прынялі ўдзел ва ўшаваньні хвілінай маўчаньня ахвяраў тэракту ў менскім мэтро. Апроч гэтага, яны ўсклалі кветкі і запалілі зьнічы.

 

Як паведаміла віцебская каардынатарка аргкамітэту БХД Тацяна Севярынец, акцыя была зарганізаваная жыхарамі гораду праз сацыяльныя сеткі, яе падтрымалі і гарадзкія ўлады.

 

“Не прыняць удзел ва ўшаваньні я не магла, бо, як і ўсе, я падзяляю гора, якое прынесла гэтая бесчалавечная трагедыя. Тым больш, што я сама ехала ў гэтым цягніку, але выйшла на некалькі прыпанкаў раней. Мне хочацца верыць, што ўлады насамрэч, як яны кажуць, знайшлі вінаватых у гэтым злачынстве. Але даверу няма. Колькі мінула часу з папярэдніх тэрактаў? 6 гадоў пасьля тэракту ў Віцебску, 3 – пасьля тэркту на 3 ліпеня ў Менску, але ніякіх вынікаў сьледзтва не было. А тут за адзін дзень яны знайшлі вінаватых.

 

Выклікае падазрэньне выклікае і месца здарэньня. Як у такім стратэгічным месцы, дзе заўсёды вельмі шмат людзей, мог адбыцца тэракт. 25 сакавіка на Дзень Волі, калі ніхто ня ведаў, што я іду са сьцягам, мяне затрымалі за 100 мэтраў ад дому. А тут тэракт у самым цэнтры сталіцы. Таму я лічу, што тыя, хто ажыцьцяўляў ахову, – непрафэсіяналы. І гэта яны павінны панесьці адказнасьць у першую чаргу. Хворых і такіх падонкаў хапае, таму ахова заўсёды павінна заствацца аховай. Людзі не павінны баяцца, калі спускаюцца ў мэтро, іх сваякі не павінны хвалявацца, ці вернуцца яны дадому, людзі павінны спакойна езьдзіць па працы і сваіх справах”, – адзначыла Тацяна Севярынец.

Болей навін