Ля Чырвонага касцела моляцца за ахвяраў тэракту і заклікаюць Будзіміра спыніць галадоўку
“Сення , калі ўся Беларусь моліцца за загінулых і параненых у выніку тэракта людзей, мы прыносім свае малітвы за душы забітых, просім Божай ласкі загаіць раны пацярпелых ад гэтага жахлівага злачынства. Мы звяртаемся да Бога, каб перамог уладу сатаны, сейбіта хаосу, і каб не дазволіў трымаць людзей у няволі і шкодзіць Беларусі.
Таксама мы просім Бога за самаахвярнага Будзіміра, які ужо 15 дзень трымае галадоўку, вельмі хвалюемся за яго стан здароўя і таму мы, бацькі дзяцей, якія змагаюцца за свабоду Беларусі, якія бязвінна пакутуюць у турмах, знаходзяцца ў выгнанні за межамі краіны, звяртаемся да яго са шчырай просьбай: просім Вас, Будзімір, спыніць галадоўку. Ваш чын ужо прынёс свой плён, гэта вялікая ахвяра дзеля вызвалення людзей. Зараз трэба збіраць сілы і яднацца дзеля ўратавання нашай краіны. Мы спадзяемся, што Вы паставіцеся з павагай да нашай просьбы і спыніце галадоўку.”
Гэты малітоўны зварот падпісалі маці і сваякі палітвязьняў, сярод якіх сябры БХД Таццяна Кім, Таццяна Севярынец, а таксама Таісія Кабанчук і Ганна Шапуцька.
Былы пазаштатны супрацоўнік «Радыё Свабода» Зміцер Галко, вядомы як блогер Будзімір 31 сакавіка распачаў бестэрміновую галадоўку пратэсту і падтрымкі палітвязняў. У прыватнасці ён патрабуе вызвалення Мікіты Ліхавіда, аднаго з асуджаных па справе 19 снежня, прысуджанага да 3,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 11 красавіка Будзімір даслаў ліст у Менскі гарадскі суд, дзе будзе разгледжаная касацыйная скарга на прысуд Мікіту Ліхавіду, з просьбай да старшыні суда Валерыя Пуцілы пра мудрасць і міласэрднасць у дачыненні да Ліхавіда. Зміцер Галко сам адсядзеў 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел 19 снежня 2010 г. у акцыі пратэсту ў Менску.
Штодня а 20-й гадзіне каля Чырвонага касцела збіраюцца неабыякавыя людзі, каб выказаць сваю салідарнасць з палітзняволеннымі, памаліцца за Беларусь, каб запаліць на прыступках скульптуры “арханел Міхаіл перамагае Зло” знічкі Свабоды.
Сюды прыходзяць бацькі палітвязняў, нявесты зняволеных хлопцаў, іх сябры, проста неабыякавыя людзі. Гэтую малітоўную ініцыятыву, якая атрымала назву “Нельга забыць”, актыўна падтрымліваюць сябры аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысцянская дэмакратыя”.