Віталь Рымашэўскі: лёс палітвязьняў залежыць ад тых, хто на свабодзе

15 красавіка 2011 13:30  |  Галоўныя навіны

14 красавіка прайшла сустрэча палітычных актывістаў, якіх улады абвінавачваюць у грубым парушэньні грамадзкага парадку паводле артыкулу 342 КК Беларусі. У сустрэчы ўзяў удзел таксама сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, экс-кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі.

 

“Разам са сваякамі абвінавачаных па гэтым артыкуле мы абмеркавалі пытаньні сваіх паводзінаў у судзе, пытаньні абароны, сьведак. Таксама мы абмеркавалі, як можна дапамагчы тым, хто ўсё яшчэ знаходзіцца ў турме. Відавочна, што артыкул нам зьмянілі ў выніку салідарнасьці, у тым ліку, з боку міжнароднай супольнасьці. Таму лёс вязьняў шмат у чым залежыць ад людзей, якія на свабодзе”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі, паведаміўшы, што наступная сустрэча пройдзе ў панядзелак, 18 красавіка.

 

Сустаршыня БХД таксама пракамэнтаваў нядаўнія трагічныя падзеі ў Менску. “Гэта жыхлівы ўчынак супраць усяго беларускага народу. Спробы выкарыстаць гэтую сытуацыю, каб абвінаваціць сваіх ворагаў ці нават расправіцца зь імі, як з боку ўлады, так і з броку апазыцыі я лічу амаральнымі. Гэта кідае цень на тых, хто гэтым займаецца”, – падкрэсьліў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін