Тацяна Севярынец: ува ўладаў дзікунская лёгіка
Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” па Віцебскай вобласьці, маці сустаршыні БХД Паўла Севярынца Тацяна Яўгенаўна пракамэнтавала паведамленьні пра тое, што яе сына будуць судзіць у судзе Заводзкага раёну Менска асобна ад другога кіраўніка БХД Віталя Рымашэўскага. “Ува ўладаў нейкая дзікунская лёгіка”,- адзначыла яна.
“Было б неяк зразумела, калі б прадстаўнікоў адной кампаніі судзілі разам. А так аб’ядноўваюць розных людзей з розных кампаніяў: Паўла, які ўзначальваў штаб Віталя Рымашэўскага, будуць судзіць з Халіп, якая з каманды Саньнікава, і Марцалевым, які з каманды Статкевіча. Калі б Паўла судзілі разам зь Віталём, была б хоць нейкая бачнасьць лёгікі, а так няма нават гэтай бачнасьці. Ува ўладаў нейкая дзікунская лёгіка. Я не магу яе ані зразумець, ані патлумачыць ні зь юрыдычнага, ні з чалавечага пункту гледжаньня. Відаць гэта робіцца, каб разьяднаць сьведак, каб раскідаць людзей па розных канцох гораду, каб суды не выглядалі такой бязглузьдзіцай”, – адзначыла Тацяна Севярынец.
“Увогуле, усе гэтыя суды — такая недарэчнасьць, такое дзікунства ў квадраце, у кубе, у невядома якой ступені. Тое, што справу перадалі ў суд, паказвае, што ў хуткім часе адбудзецца судовы працэс. Верагодна, яго дату абвесьцяць ужо 18-га. Нарэшце, хоць штосьці стане больш вызначаным, бо знаходзіцца ў падвешаным стане ўжо абрыдла. Безумоўна, я прыеду ў Менск і ўвесь час буду там знаходзіцца, пакуль будзе доўжыцца разьбіральніцтва”, – паведаміла маці сустаршыні БХД.
“Увогуле, я не магу зьмірыцца з гэтымі судамі. За што? За што так паступаюць са шматлікімі годнымі людзьмі, з маім сынам. Гэта ўжо так усё абрыдла. Гэта краіна страчаных ілюзій, тут ужо даўно ўсё зразумела. Яне магу з гэтым зьмірыцца”, – падкрэсьліла віцебская каардынатарка БХД.