Дзея тыдня. Выбух недаверу.
…І вось ужо адразу пасьля выбуху ў мэтро як своеасаблівае “рэха” да нас стала даносіцца: “а вы ведаеце, што толькі што выбухнула “сотка?”, “рванула каля аўтавакзалу Маскоўскага…”, “пацьверджаная інфа, зноў адбыўся тэракт”… Ударная хваля чутак была спароджаная праз татальны недавер: ніхто не давяраў афіцыйным паведамленьням, і баяўся самага горшага.
Адзін з маіх сяброў таксама пацярпеў ад выбуху. Цяпер ён знаходзіцца ў бальніцы, яму зрабілі апэрацыю. Ён быў зусім блізка ад эпіцэнтру, але ўратаваўся праз тое, што ў той час стаяў за мармуровай калёнай, чытаў… Учора, калі наведваў яго, мы загаварылі пра фінансавую кампэнсацыю пацярпелым. На твары сябра саркастычная ўсьмешка: агульная сума падтрымкі ўсім пацярпелым, якую выдаткоўвае дзяржава, меншая чым джэк-пот у лато, рэкламу якога ён бачыў якраз перад тым у мэтро. Гэты мой сябра – вернік, хрысьціянін, кажа: “Я давяраю Богу, і мне так шкада пацярпелых людзей, хто ў Бога ня верыць: пасьля ўсяго яны губляюць давер, і ім у сваім недаверы няма на каго абаперціся”.
Хвалю недаверу правакуе сама сёньняшняя ўлада. Закрыты, карпаратыўны характар гэтай сыстэмы, непадкантрольнасьць яе людзям, беспрычыннае хаваньне інфармацыі – усё гэта і спарадзіла выбух недаверу, які накрыў Беларусь адразу пасьля выбараў. Людзі не давяраюць фінансавай сыстэме і стабільнасьці банкаў; у самыя адказныя моманты беларусы не маюць даверу да рапартаў дзяржаўных СМІ, не слухаюць пераможныя рэляцыі ці запэўніваньні чыноўнікаў.
Цяжка ўявіць іншую якую краіну, асабліва ў нашай частцы сьвету, дзе трагедыя нацыянальнага маштабу спарадзіла б столькі недаверу.
Пустыя паліцы крамаў, перасьцярожліва зьнятыя банкаўскія ўклады, чуткі і вэрсіі пасьля тэракту – гэта ўсё спараджэньне нявер’я ў сыстэму, якая ўсё яшчэ нас трымае.
Трымае да часу.