Сёння – Вербная нядзеля

17 красавіка 2011 18:52  |  Навіны

Праваслаўныя і каталікі, а таксама шэраг пратэстанцкіх Цэркваў святкуюць сёння Вербную нядзелю. З гэтай нагоды ў цэрквах праходзяць асаблівыя службы, асвячаюцца галінкі вярбы. 

 

Вербніца, апошняя нядзеля перад Вялікаднем, адзначаецца ў гонар уваходу Гасподняга ў Іерусалім. Галінкі вярбы замяняюць пальмавыя галінкі (ваі), якімі сустракалі Ісуса Хрыста ў Іерусаліме. А напярэдадні вербнай нядзелі святкуецца Лазава субота – узгадка вялікага цуду, які зьдзейсьніў Гасподзь як прадвесце Свайго Уваскрасення – уваскрэсіў у Віфаніі  Лазара, які ўжо чатыры дні ляжаў у магіле. 

 

Падчас праваслаўнага усяночнага трывання напярэдадні Вербнай нядзелі вернікі нібыта сустракаюць Госпада і вітаюць Яго як Пераможцу пекла і смерці, трымаючы ў руках галінкі вярбы, кветкі і запаленыя свечкі. На ютрані — другой частцы трывання — чытаецца асаблівая малітва на благаславенне “ваій” і пасля гэтага галінкі вярбы асвячаюць святой вадой.

 

У праваслаўных ёсць звычай захоўваць асвечаныя вербы на працягу ўсяго года і ўпрыгожваць імі абразы ў доме, а ў каталікоў вербныя галінкі спальваюць напачатку Вялікага паста наступнага году ў Попельную сераду. 

Болей навін