Хадайніцтвы аб зьмене меры стрыманьня Паўлу Севярынца разгледзіць міліцыя (дакумэнт)
Менская пракуратура разгледзіла хадайнітцвы аб зьмене меры стрыманьня для зьняволенага сустаршыні аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Паўла Севярынца, якога ўлады вінавацяць у арганізацыі дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак. Для далейшага разгляду хадайніцтваў пракуратура перанакіравала іх у сьледчае ўпраўленьне папярэдняга расьсьледваньня гарадзкого ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму.
“Паведамляю, што хадайніцтвы накіраваны начальніку СУ ПР ГУУС Мінгарвыканкама ў адпаведнасці з арт. 121 КПК Рэспублікі Беларусь для разгляду, аб выніках якога Вам будзе паведамлена”, – адзначыў у афіцыйным адказе з пракуратуры в.а. начальніка аддзелу па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю С.У.Барысенка.
Аргкамітэт БХД мяркуе, што ўлады наўмысна зацягваюць разгляд хадайнітцваў, каб у рэшце рэшт пакінуць іх без адказу, аднак сябры аргкамітэту лічаць свае хадайнітвы вельмі сур’ёзнай заявай, чакаюць хутчэйшага іх разгляду і спадзяюцца, што змогуць убачыць Паўла Севярынца на волі яшчэ да суду, а таксама і пасьля суду.
Нагадаем, што 4 красавіка менскія сябры аргкамітэту БХД адправілі з Галоўпаштамту ў пракуратуру горада Менска 127 хадайніцтваў за зьмену меры стрыманьня лідэра БХД Паўла Севярынца, зьняволенага ў СІЗА КДБ. Яшчэ 31 подпіс быў сабраны ў Бабруйску. У хадайніцтвах сябры і прыхільнікі БХД просяць зьмяніць меру стрыманьня на падпіску аб ня выезьдзе і паручаюцца, што Павал Севярынец не схаваецца ад сьледства.
“У сувязі з апошнімі падзеямі ўцёкаў за мяжу экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча і журналісткі Натальлі Радзінай, якія былі выпушчаныя пад падпіску аб нявыезьдзе, мы асабіста хадайнічаем за Паўла Севярынца, бо ўпэўненыя, што Павал нікуды не зьбяжыць, а як шчыры хрысьціянін, мужны і духоўна моцны чалавек возьме свой пакутніцкі крыж, каб дамагчыся вызваленьня ня толькі асабістага, але і ўсёй Беларусі”, – распавяла менская каардынатарка аргкамітэту БХД Ірына Логвін.