Папярэджаньне за «незаконныя» набажэнствы
18 красавіка пракуратура Чыгуначнага раёну Гомеля вынесла афіцыйнае папярэджаньне кіраўніку і чатыром актывістам незарэгістраванай рэлігійнай супольнасьці аб недапушчальнасьці парушэньня закону.
КДБ перадало ў пракуратуру інфармацыю, што ў Гомелі незаконна дзейнічала рэлігійная супольнасьць Міжнароднай рады цэркваў эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў.
Пра гэта паведаміў БелаПАН намесьнік пракурора Чыгуначнага раёну Дзьмітрый Дэбой.
Праверка выявіла, што ў прыватным доме з мэтай распаўсюду ідэй арганізацыі былі арганізаваныя набажэнствы з удзелам вялікай колькасьці вернікаў, у тым ліку малалетніх. Актывісты арганізацыі праводзілі сустрэчы з грамадзянамі, распаўсюджвалі сваю друкаваную і відэапрадукцыю. Пры гэтым рэлігійная арганізацыя не прайшла ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю.
«Яе кіраўнік і актывісты патлумачылі, што ня лічаць патрэбным праходзіць рэгістрацыю. Пасьля праверкі ў пракуратуру паступілі шматлікія скаргі з розных краін, у якіх замежныя прыхільнікі ідэй арганізацыі патрабавалі спыніць яе перасьлед», — растлумачыў Дэбой.
Прэсьбітэр арганізацыі атрымаў папярэджаньне пра недапушчальнасьць парушэньня закону і дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Пракуратура нагадала яму пра крымінальную адказнасьць. Адносна кіраўніка арганізацыі складзены адміністрацыйны пратакол, які накіраваны ў суд.