У шэрагу гарадоў забаронены пікеты, прысвечаныя 25-й гадавіне Чарнобыля

18 красавіка 2011 22:49  |  Навіны

З розных гарадоў Беларусі прыходзяць зьвесткі пра забарону пікетаў, прысвечаных 25-й гадавіне Чарнобыля. Тым часам, як распавёў адзін з заяўнікаў менскага «Чарнобыльскага шляху — 2011» адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі, адказ з Менгарвыканкама на заяўку аб яго правядзенні пакуль не атрыманы, пададзеную 5 красавіка.

 

Як паведамляюць праваабаронцы, у Слоніме (Гродзенская вобласць) чарнобыльскі пікет забаронены пад маркай таго, што заяўнікі абралі для яго месца, не прадугледжанае для такіх акцый. Заяўку на пікет падавалі прадстаўнікі слонімскага аб’яднання дэмакратычных сіл, у які ўваходзяць і сябры аргкамітэту БХД. Яны прасілі дазволу правесці пікет у цэнтры Слоніма, побач з мясцовым рынкам.

Пікет таксама не быў дазволены ў Бабруйску (Магілёўская вобласць). Ён павінен быў прайсці 21 красавіка на стадыёне на вуліцы Урыцкага. Заяўнікамі выступалі гарадская арганізацыя АГП і партыя левых «Справядлівы свет». Аднак гарвыканкам адмовіў у правядзенні пікета на падставе таго, што арганізацыі-заяўнікі не маюць рэгістрацыі ў мясцовым упраўленні юстыцыі. Хаця, як адзначыў кіраўнік бабруйскай структуры АГП Віктар Бузінаеў, усе арганізацыі, якія заявілі правядзенне пікета, маюць у Бабруйску офісы і зарэгістраваны належным чынам.

Баранавіцкі гарвыканкам не дазволіў правесці чарнобыльскі пікет 26 красавіка на плошчы Леніна. Гэта стала вядома з ліста, які атрымалі 16 красавіка грамадскія актывісты Вячаслаў Болбат, Сяргей Гаўша і Віктар Сырыца. Паводле рашэння гарвыканкама ад 16 чэрвеня 2009 года, месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе з’яўляецца стары парк культуры і адпачынку па вуліцы Камсамольскай. Віктар Сырыца адзначыў, што ў старым парку цяпер праводзяцца рамонтныя работы і там амаль няма людзей. Праводзіць у такім месцы пікет, прысвечаны 25-й гадавіне чарнобыльскай трагедыі, — гэта проста здзек з арганізатараў мерапрыемства, лічыць ён.

 

Тым часам, як сказаў БелаПАН адзін з заяўнікаў менскага «Чарнобыльскага шляху — 2011» адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, пакуль не атрыманы адказ з Менгарвыканкама на заяўку аб яго правядзенні. Заяўка была пададзена 5 красавіка. Плануецца, што збор удзельнікаў акцыі пройдзе на пляцоўцы каля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук у 17.45, у 18.30 пачнецца шэсце ў бок Чарнобыльскай капліцы ў парку Дружбы народаў, пасля заканчэння шэсця — мітынг.

Болей навін