Суд над Васьковічам можа адбыцца напрыканцы красавіка
Суд над бабруйскім актывістам аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Яўгенам Васьковічамможа адбыцца напрыканцы красавіка. Пра гэта піша сам актывіст у адным са сваіх лістоў. Васьковіч абвінавачваецца ў нападзе на будынак КДБ у Бабруйску і ў сувязі з гэтым ад студзеня знаходзіцца ў бабруйскай турме.
Яўген Васьковіч піша, што справа ўжо закрытая. Паводле яго словаў, “сьледчы – хітрун, якіх сьвет ня бачыў, падманвае на кожным кроку”. Ён падманам прымусіў прыхільніка БХД падпісаць згоду з тым, што яго вінавацяць паводле ч.3 арт.218 КК Беларусі, што прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 7 да 12 год, а таксама ўвесь час імкнецца прыпісаць яму дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ды тэрарызм, за які пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Яўген Васьковіч вельмі шкадуе, што сілавікі сканфіскавалі кантактныя дадзеныя 25-ці чалавек, якія падчас прэзыдэнцкай кампаніі захацелі далучыцца да “Маладога фронту” і аргкамітэту БХД.
Прыхільнік БХД шчыра дзякуе ўсім за падтрымку, кажа, што яна яму моцна ўздымае настрой. Дзякуе таксама за перададзеныя яму кнігі і газэты, якія “чытае ўся камэра”, просіць перадаць яму Біблію на беларускай мове, каталіцкую літаратуру, прылады для пісьма, “Нашу Ніву”. Ён таксама адзначыў у лісьце, што распачаў пераклад Бібліі на беларускую мову паводле правапісу філёляга Янкі Станкевіча.
Напрыканцы Яўген Васьковіч перадае ўсім прывітаньні і цытату зь Бібліі:””Шалом збаўленьня вазьміце і меч духа, якім ёсьць Слова Божае” (Эфэсянам, 6:17).
Нагадаем, Яўгену Васьковічу можна напісаць лісты падтрымкі і віншаваньні з Вялікаднем на адрэсу: 213826 Магілёўская вобл., г. Бабруйск, зав. 1-1 Пераездны, 10, СІЗА №5. А ахвотныя ахвяраваць палітвязьню Біблію на беларускай мове і каталіцкую літаратуру могуць зьвязацца рэгіянальным каардынатарам аргкамітэту БХД Вадзімам Кабанчуком па тэлефоне +375296830924.
Аргкамітэт БХД асуджае любыя ўчынкі, зьвязаныя з гвалтоўнымі дзеяньнямі і прытрымліваецца выключна метадаў негвалтоўнага супраціву. У той жа час да таго, як адбудзецца суд і будуць вынесеныя ацэнкі працэсу праваабаронцамі і адвакатамі, няма падставаў лічыць Яўгена Васьковіча вінаватым ў прад’яўленым яму абвінавачваньні.