Бабруйскага актывіста МХД выклікаюць у КДБ без позвы

19 красавіка 2011 20:00  |  Навіны

Максім Рыжкевіч, бабруйскі каардынатар Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў (Моладзь БХД), паведаміў, што на працягу апошніх некалькіх дзён яго спрабуюць выклікаць на размову ў КДБ.

 

– Яны тэлефануюць з аднаго і таго ж гарадскога нумара аддзялення КДБ і прапануюць сустрэцца, – распавядае Максім Рыжкевіч. – Падчас размовы вельмі ветлівыя, прапануюць сустрэцца ў любым зручным для мяне месцы, кажуць, што могуць забраць на машыне. Але аб тым, што запрашаюць на размову, просяць нікому не казаць. Тэлефануюць заўсёды розныя людзі, якія называюцца адным і тым жа імем – Дзмітрый. Я прасіў назваць прозвішча, але яны кажуць, што ў іх структуры не прынята сябе называць.

 

Таксама Максім распавёў, што пацікавіўся ў аднаго з таямнічых візаві, аб чым размова, але той ухіліўся ад адказу, паведаміў толькі, што да яго ёсць шмат пытанняў. Калі хлопец адмовіўся сустракацца без правільна аформленай позвы, суразмоўца стаў агрэсіўным, сказаў, што павестка ўсяго толькі паперка якая нічога не дае, і развітаўся.

 

– Напэўна я ім цікавы таму што каардыную мясцовую суполку МХД  і ўваходжу ў мясцовую Раду дэмакратычных сіл, – мяркуе Максім Рыжкевіч. – Думаю, яны мне яшчэ не раз патэлефануюць, ці будуць спрабаваць “злавіць” на вуліцы.

 

“Праваабарончая хроніка”

Болей навін