Дзяніс Садоўскі: Адзін закон – розныя рашэньні

20 красавіка 2011 12:47  |  Навіны

Менскія гарадзкія ўлады забаранілі праводзіць 26 красавіка “Чарнобыльскі шлях”, прысьвечаны 25-й гадавіне аварыі на ЧАЭС, а дазволілі арганізатарам правесьці толькі мітынг у парку Дружбы народаў. Адзін зь ініцыятараў правядзеньня сёлетняга Чарнобыльскага шляху, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі ў інтэрвію Радыё “Свабода” тлумачыць, якімі могуць быць дзеяньні аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху”-2011.

Садоўскі: «Рашэньне будзе прымацца калектыўна. На нашую думку, Чарнобыльскае шэсьце, гэта акцыя, якая не прызывае да нейкіх сілавых дзеяньняў, зьмены ўлады. Гэта перш за ўсё жалобнае мерапрыемства, якое нагадвае пра жудасную трагедыю, каб такога не паўтарылася, асабліва ў кантэксьце японскай трагедыі. Я думаю, што ў гэтай сытуацыі, тым больш у кантэксьце тэракту, трэба пагаджацца праводзіць акцыю на Бангалор. Заўтра яшчэ адбудзецца сустрэча зь менскай міліцыяй, якой Менгарвыканкам даручыў вызначыцца зь месцам. Мы будзем настойваць, каб мітынг праходзіў каля Чарнобыльскай капліцы, каля памятнага каменя Чарнобыльскай трагедыі. У гэтым ужо мы будзем стаяць да канца, і я зраблю ўсё ад мяне залежнае, каб акцыя праходзіла менавіта там».

Радыё “Свабода”: «Пасьля выхаду з турмы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падчас онлайн-канфэрэнцыі на нашым сайце мэтафарычна сказаў, што “пасьля 19 сьнежня ў Беларусі для ўладаў і апазыцыі – руіны”. Ён меў на ўвазе, сярод іншага, і наступ уладаў на апазыцыю. На вашу думку, адмова ў правядзеньні шэсьця – таксама пакладаецца ў рэчышча гэтага ўладнага наступу на апазыцыю, у межы зацісканьня гаек пасьля Плошчы?»

Садоўскі: «Менскія ўлады не далі дазволу ні 25-га сакавіка, ні цяпер. Пры гэтым адмова даволі сьмешная — яны напісалі, што месца збора каля Акадэміі навук бліжэй за 200 мэтраў ад мэтро, таму там нельга зьбірацца. Я быў заяўнікам такога ж мерапрыемства ў 2010 годзе. Тады дзейнічаў той самы закон. І тады нам дазволілі зьбірацца ў гэтым месцы і праводзіць там мітынг і шэсьце. Таму відавочна, што рашэньне палітычнае, скіраванае на тое, каб яшчэ больш заціснуць гайкі і ня даць людзям сабрацца».

 

З Дзянісам Садоўскім гутарыў карэспандэнт  Радыё “Свабода” Сяргей Абламейка. Слухаць гутарку цалкам:

 

Болей навін