БХД заклікае да салідарнасьці з палітвязьнямі ў судах (Абноўлена)

20 красавіка 2011 13:32  |  Галоўныя навіны

Сябры аргкамітэту БХД заклікаюць усіх неабыякавых беларусаў праяўляць салідарнасьць і прыходзіць на палітычныя суды, каб падтрымаць палітвязьняў. 27 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну г. Менску пачнецца судовы працэс над намесьнікам старшыні Маладога Фронту Алесем Кіркевічам і яшчэ чатырма удзельнікамі акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 года ў Менску. У гэты ж дзень ў судзе Партызанскага раёну сталіцы за Плошчу-2010 пачнуць судзіць экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саньнікава, іншага маладафронтаўца і сябра БХД Уладзімера Яроменка і яшчэ 3 чалавек. А напярэдадні, 26 красавіка, у Першамайскім судзе сталіцы – пачатак працэсу над Зьміцерам Бандарэнкам.

 

Чарговыя палітычныя судзілішчыі прызначаныя падчас сьвяткаваньня Вялікадня на Сьветлы тыдзень. Таксама на гэты час прыпадаюць 25-я ўгодкі страшнай трагедыі на ЧАЭС. Тым не менш беларускія хрысьціянскія дэмактары заклікаюць усіх людзей добрай волі не заставацца абыякавымі, прыйсьці ў гэтыя дні да судоў і падтрымаць палітвязьняў. Суды Кастрычніцкага і Партызанскага раёнаў г. Менску знаходзяцца па адрэсе вул. Сямашка, 33, суд Першамайскага раёну – вул. Талбухіна, 9. 

 

Разам са справаю Алеся Кіркевіча суд Кастрычніцкага раёну г. Менску разгледзіць крымінальныя справы Дзьмітрыя Дразда, Андрэя Пратасені і Паўла Вінаградава, а таксама Уладзіміра Хамічэнкі, які атрымаў у інтэрнэце мянушку “навушнік” за тое, што, як сведчаць відэаматэрыялы, у часе правакацыі ля Дому ўраду перамаўляўся з некім праз схаваны ў рукаве паліто мікрафон.

Прысуды будзе выносіць судзьдзя Кастрычніцкага раёну г. Менску Ала Булаш, якая ў 2006 годзе засудзіла на закрытым паседжаньні старшыню МФ Зьмітра Дашкевіча на паўтары гады пазбаўленьня волі за дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. 

Кіркевіч, Дрозд, Пратасеня ды сумнавядомы Хамічэнка абвінавачваюцца ў масавых беспарадках (ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу), Вінаградава дадаткова вінавацяць у абразе дзяржаўных сымбаляў (арт. 370 КК). 

Маладафронтавец і сябра аргкамітэту БХД Алесь Кіркевіч быў затрыманы 28 студзеня 2011 праз тыдзень пасьля свайго вясельля. Тады на яго кватэры ў Гародні быў праведзены ператрус, пасьля якога юнак патрапіў у следчы ізалятар КДБ у Менску. 

 

Таксама стала вядома, што ў той жа дзень 27 красавіка ў судзе Партызанскага раёну сталіцы пачнуць судзіць экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саньнікава, а таксама маладафронтаўца і сябра БХД Уладзімера Яроменка, Ільлю Васілевіча, Алега Гнедчыка і Фёдара Мірзаянава. Пра дату суда паведаміла маці Саннікава Ала Ўладзіміраўна.

 

Андрэя Саньнікава абвінавачваюць па ч. 1 арт. 293 КК  ў  арганізацыі масавых беспарадкаў. Адказнасьць за гэтае правапарушэньне прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў. А Уладзімеру Яроменку і іншым абвінавачаным, чые справы аб’яднаныя разам выстаўлена абвінавачаньне па ч. 2 арт. 293 КК – удзел у масавых беспарадках.

 

Напярэдадні, у судзе Першамайскага раёна Менска 26 красавіка пачнецца працэс над каардынатарам “Еўрапейскай Беларусі” Зьміцерам Бандарэнкам. Пра гэта паведаміла жонка палітвязня Вольга Бандарэнка.

Улады абвінавачваюць Бандарэнку ў “арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх” (арт. 342, ч.1). Паводле гэтага артыкулу яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

 

Паводле матэрыялаў сайтаў “Маладога Фронту” і Хартыі97 

Болей навін