Прэс-каферэнцыі “Чарнобыльскага шляху” перашкодзілі вучэньні па радыяцыйнай бяспецы
Апоўдні прайшла прэс-канферэнцыя аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху”, прысьвечанага 25-м угодкам аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яна адбылася на прыступках гатэля “Арбіта”, паколькі ў замоўленай для гэтага канферэнц-залі гатэля ў гэты час, як паведаміла ахова, быццам бы адбываліся вучэньні па радыяцыйнай бяспецы. У прэс-канферэнцыі ўзялі ўдзел заяўнікі “Чарнобыльскага шляху”-2011, у тым ліку адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі, а таксама прадстаўнікі экалагічных арганізацыяў.
Было агучанае канчатковае рашэньне аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху” не ісьці гэтым разам на канфрантацыю з уладамі і пагадзіцца правесьці 26 красавіка чарнобыльскі мітынг у Парку дружбы народаў на плошчы Бангалор з 18-00 да 20-00.
Таксама быў агучаны план мерапрыемстваў, зьвязаных з ушанаваньнем 25-х угодак чарнобыльскай трагедыі. Круглы стол “Наступствы Чарнобыля, Фукусімы і праект Астравецкай АЭС”, арганізаваны арганізацыяй “Антыядзерная ініцыятыва”, які павінен быў распачацца адразу пасьля прэс-канферэнцыі ў канферэнц-залі гатэря “Арбіта”, быў перанесены на ўправу БНФ.
Акрамя круглага стала і жалобнага мітынгу запланаваная таксама паездка прадстаўнікоў аргкамітэта “Чарнобыльскага шляху” па забруджаных рэгіёнах Беларусі і грамадскі прагляд фільма на чанобыльскую тэматыку.
У межах паездкі, запланаванай на панядзелак 25 красавіка, мяркуюцца сустрэчы зь людзьмі, што жывуць у забруджаных рэгіёнах, а таксама з ліквідатарамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС ў Калінкавічах і Мазыры, абмеркаваньне іх праблемаў і магчымасьцяў падтрымкі.
А ў чацьвер 28 красавіка ў 18-30 на ўправе БНФ адбудзецца паказ дакументальнага фільма рэжысёра Віктара Корзуна “Верыць толькі ветру”, прысьвечанага праблемам забруджаных рэгіёнаў і ўсёй Беларусі пасьля аварыі на ЧАЭС. У фільме пра сваё бачанне гэтых праблемаў распавядаюць мясцовая дазіметрыстка Настасься Пятроўна і прафесар, акадэмік, ліквідатар Іван Нікітчанка, які трагічна загінуў ў канцы мінулага году.
Як адзначыў у інтэрвію прэс-службе БХД Дзяніс Садоўскі: “Улады, забараніўшы Чарнобыльскі шлях у 25-я угодкі чарнобыльскай трагеды і нават сарваўшы круглы стол па атамнай праблеме, відавочна парушаюць ня толькі нашыя канстытуцыйныя правы, але і проста абражаюць уласны народ. Тая адмова, якую мы атрымалі ў Менгарвыканкаме – гэта абраза і ліквідатарам ЧАЭС, якія ахвяравалі дзеля нас сваім здароўем і жыцьцём, і усяго беларускага народа, простых людзей, якія пакутуюць, хварэюць і паміраюць ад наступстваў радыёактыўнага забруджваньня.
Саму чарнобыльскую праблему улада відавочна замоўчавае, спрабуе паказаць, што у нас усё добра, і таму можна спакойна будаваць новую АЭС у сейсмічна небясьпечнай зоне.
Сёньня мы сьцерпім гэтую абразу і правядзем жалобны мітынг у Парку дружбы народаў, каб без канфрантацыяў і гвалту ўшанаваць 25-я угодкі чарнобыльскай трагедыі. Але наперадзе будуць акцыі, калі трэба будзе праяўляць цьвёрдасьць і мужнасьць. Таму мы заклікаем прыйсьці 26 красавіка ў 18-00 на плошчу Бангалор зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, транспарантамі, сьвечкамі і кветкамі і ўзгадаць ахвяраў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, каб у будучыні гэта больш не паўтарылася.”
Фота Радыё “Свабода”