Віталь Рымашэўскі: Некага ванітуе ад дэмакратыі, а асабіста мяне – ад дыктатуры
“На месцы Аляксандра Лукашэнкі я б не абвінавачваў ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты, акрамя сябе самога. Па дадзеных праваабаронцаў, актыўна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс, што забаронена законам. Праваабаронцы паставілі пад сумнеў і подпісы, сабраныя ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу. Але не маючы дакументальных доказаў, не магу абвінавачваць ніводнаго з кандыдатаў у прэзідэнты”, – сказаў Віталь Рымашэўскі.
“У кожнага чалавека сваё ўспрыманне розных прадуктаў харчавання. Так і тут: кагосьці ванітуе ад дэмакратыі, а мяне асабіста ванітуе ад дыктатуры”, – заявіў былы кандыдат у прэзідэнты.
Што тычыцца сабраных за яго подпісаў, Віталь Рымашэўскі назваў прыкладную лічбу: каля 105 тысяч. “За збор подпісаў адказваў Павел Севярынец. Я спадзяюся, неўзабаве ён выйдзе на свабоду і назаве дакладную лічбу сабраных подпісаў – з дакладнасцю да аднаго подпіса”, – адзначыў палітык.
Адказнасць за ход выбарчай кампаніі “нясе ўлада – у тым ліку і за рэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты”. “Колькасць кандыдатаў была б меншай, калі быў кантроль за кампаніяй з боку дэмакратычнай апазіцыі. Але такога кантролю не было, паколькі дэмакратаў не было ні ў камісіях, нідзе”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.