Прыхільнікам БХД адмовілі ў правядзеньні чарнобыльскіх пікетаў
Адразу ў некалькіх гарадах Беларусі прыхільнікам “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” адмовілі ў правядзеньні чарнобыльскіх пікетаў. Так, у Воршы ў адзіным дазволеным уладамі месцы для правядзеньня пікетаў зладзілі атракцыёны, у выніку чаго праводзіць мерапрыемства там стала фізычна немагчыма. На просьбу ж заяўнікаў пікету правесьці яго за 50 мэтраў ад дазволенага месца улады адказалі адмовай.
Забаранілі пікет і ў Бабруйску, заяўку на які прыхільнікі БХД падавалі сумесна з прадстаўнікамі іншых дэмакратычных сілаў. У Слоніме ў выніку адмовы на правядзеньне пікету хрысьціянскія дэмакраты вырашылі зладзіць іншыя акцыі, у тым ліку раздачу ўлётак, прысьвечаных чарнобыльскім праблемам.
У рэгіёнах, найбольш пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, улады таксама не дазволілі правесьці заплянаваныя акцыі, заяўнікамі якіх выступалі як мясцовыя чарнобыльцы, якія вельмі шыльна супрацоўнічаюць з БХД, так і сябры аргкамітэту. У прыватнасьці, улады забаранілі сустрэчу чарнобыльцаў ля помніку ахвярам Чарнобыльскай трагедыі, правядзеньне выступаў па чарнобыльскіх праблемах. У выніку дэмакратычныя актывісты вырашылі адзначыць гадавіну Чарнобыльскай катастрофы ў іншым фармаце.