Рымашэўскі: Лукашэнку трэба вучыцца дэмакратыі
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі пракамэнтаваў тэлевыступ прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. “Аляксандру Лукашэнку трэба вучыцца дэмакратыі. Ужываньне абразьлівых словаў у дачыненьні апанэнтаў абсалюна непрымальна”, – адзначыў палітык.
“Адзіным станоўчым момантам выступу стала тое, што ўлада, відавочна, разумее неабходнасьць рэформаў. Але яна не разумее як гэтыя рэформы трэба праводзіць. Іх немагчыма правесьці з дапамогай старой мэнтальнасьці, якая засталася з часоў Савецкага Саюзу. Для гэтага патрэбная новая мэнтальнасьць, разуменьне таго, чым насамрэч ёсьць дэмакратыя і правы чалавека. А ўва ўлады такога разуменьня няма. Яна спрабуе выкарыстаць старыя метады, каб рэфармаваць сыстэму. Аналёгіі з Кітаем тут абсалютна непрымальныя. У нас цалкам розныя ўмовы. Кітай – гэта вялікая краіна, якая валодае шматлікімі рэсурсамі. У нас цалкам іншая сытуацыя”, – падкрэсьліў сустаршыня БХД.
“У дэмакратычных сыстэмах мэтады зьяўляюцца важнай часткай гэтых сыстэм. Там важна ня толькі, што, чаму і навошта ты робіш, але перадусім, як ты гэта робіш. І вось гэтага ўлада рашуча ня хоча зразумець. Добра, што яна хоць разумее, што нешта трэба зьмяняць”, – лічыць Віталь Рымашэўскі.