Дзьмітрук: вінаватая ня пятая калёна, а трэці райх
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Георгі Дзьмітрук адзначыў, што ў яго склалася “прыкрае ўражаньне” ад прагляду тэлевыступу прэзыдэнта. “Гэта зусім не было падобна да справаздачы прэзыдэнта за год. Ён не сказаў ні слова пра тое, як мы будзем выводзіць краіну з крызысу, рэструктурызаваць эканоміку, праводзіць рэформы. Я таксама не зразумеў, як мы будзем жыць заўтра”, – падкрэсьліў палітык.
“Мы жадалі пачуць пра канкрэтныя крокі па выхадзе з крызысу, але не пачулі гэтага. Як заўсёды нам распавялі, што ва ўсім вінаватая “пятая калёна”. Аднак я думаю, што ўсё-ткі вінаватая ня “пятая калёна”, а “трэці райх”. Гэта больш адпавядае праўдзе. Тады ўсё сыходзіцца”, – адзначыў Георгі Дзьмітрук.
У той самы час ён паведаміў, што ў пэўных пытаньнях быў згодным з Аляксандрам Лукашэнкам. “Я пагаджуся з прэзыдэнтам у тым, што ён прызнаў сваю віну за тэракт. Я згодны, што нельга падзяляць грамадзтва, даводзіць яго да расколу. Як хрысьціянін, я нават пачуў у ягоных словах раскаяньне. Разам з тым прабачэньня за тэракт прэзыдэнт не папрасіў”, – паведаміў палітык.
“З выступу прэзыдэнта я як грамадзянін хацеў пачуць, куды і як мы будзем ісьці. Але ён не абмаляваў ніякіх канкрэтных напрамкаў, нават даляглядаў. Так, ён сказаў, што нам трэба разьвіваць лягістыку, транзыт. Але ўзьнікае пытаньне, чаму мы не разьвівалі гэта раней і як мы будзем разьваць гэта далей. Аляксандар Лукашэнка ні слова таксама не сказаў пра валютны крызыс. Добра, што хоць прызнаў тое, што краіна знаходзіцца ў цяжкай эканамічнай сытуацыі. Але я не магу пагадзіцца, што ў гэтым вінаватыя простыя грамадзяне, людзі, якія куплялі аўтамабілі, жыхары Менску. Я б сказаў, што ў гэтым вінаватыя некаторыя жыхары Менску. Іх нават можна ўнесьці ў сьпіс зь дзесяці прозьвішчаў”, – адзначыў сустаршыня БХД.
“Адносна адносін з Эўропай я не зразумеў, хто менавіта ўзяў тайм-аўт. Калі ўжо казаць спартовай тэрміналёгіяй, дык тут больш пасуе накаўт альбо накдаўн. Прыкра таксама, што прэзыдэнт распавядае пра ход сьледзтва аб тэракце, пра тое, што знайшлі ў кампутарах затрыманых. Гэта ўсё пакуль павінна быць таямніцай. Складваецца ўражаньне, што ён асабіста дапытваў падазроных, асабіста зазіраў у кампутар. Але прэзыдэнт – ня сьледчы і ён не павінен займацца сьледзтвам”, – лічыць Георгі Дзьмітрук.