Хадайніцтвы аб зьмене меры стрыманьня Паўлу Севярынца перанакіравалі ў суд (дакумэнт)

22 красавіка 2011 10:51  |  Галоўныя навіны

Сьледчае ўпраўленьне папярэдняга дасьледваньня гарадзкого ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму перанакіравала ў суд Заводзкага раёну Менска хадайнітцвы аб зьмене меры стрыманьня для зьняволенага сустаршыні аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Паўла Севярынца, якога ўлады вінавацяць у арганізацыі дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак.

 

“У сувязі з тым, што крымінальная справа ў дачыненьні абвінавачанага Севярынца Паўла Канстанцінавіча і іншых асоб 08.04.2011 перададзена пракурору г.Менска для скіраваньня ў суд. Ваша калектыўнае хадайніцтва скіраванае ў суд Заводзкага раёну г.Менска для разгляду і далучэньня да матэрыялаў крымінальнай справы”, – паведаміў старшы сьледчы па АВС сьледчага кіраваньня папярэдняга дасьледваньня В.В.Калюта.

 

Нагадаем, што 4 красавіка менскія сябры аргкамітэту БХД адправілі з Галоўпаштамту ў пракуратуру горада Менска 127 хадайніцтваў за зьмену меры стрыманьня лідэра БХД Паўла Севярынца, зьняволенага ў СІЗА КДБ. Яшчэ 31 подпіс быў сабраны ў Бабруйску. У хадайніцтвах сябры і прыхільнікі БХД просяць зьмяніць меру стрыманьня на падпіску аб ня выезьдзе і паручаюцца, што Павал Севярынец не схаваецца ад сьледства.

“У сувязі з апошнімі падзеямі ўцёкаў за мяжу экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча і журналісткі Натальлі Радзінай, якія былі выпушчаныя пад падпіску аб нявыезьдзе, мы  асабіста хадайнічаем за Паўла Севярынца, бо ўпэўненыя, што Павал нікуды не зьбяжыць, а як шчыры хрысьціянін, мужны і духоўна моцны чалавек возьме свой пакутніцкі крыж, каб дамагчыся вызваленьня ня толькі асабістага, але і ўсёй Беларусі”, – распавяла менская каардынатарка аргкамітэту БХД Ірына Логвін.

 

Хадайніцтвы аб зьмене меры стрыманьня Паўлу Севярынца перанакіравалі ў суд (дакумэнт)

Болей навін