Суд над Рымашэўскім распачнецца 5 траўня

22 красавіка 2011 14:06  |  Галоўныя навіны

Суд над сустаршынёй аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, экс-кандыдатам у прэзыдэнты Віталём Рымашэўскім адбудзецца ў судзе Фрунзэнскага раёна Менска 5 траўня. Пачнецца ён а 10-й гадзіне. Разам зь ім будуць судзіць Насту Палажанку, Уладзімера Някляева, Сяргея Вазьняка, Андрэя Дзьмітрыева і Аляксандра Фядуту.

 

Сябры аргкамітэту БХД заклікаюць сваіх прыхільнікаў і ўсіх людзей добра волі праявіць салідарнасьць зь Віталём Рымашэўскім ды іншымі палітвязьнямі і прыйсьці падтрымаць іх у судзе. Адрас суда Фрунзенскага раёна г. Менска: вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1/2. 

 

“Тое, што так хутка судзьдзя прызначыла дату суду, значыць што яна – геній, альбо дату прызначыла не яна. Мне адвакат сказаў, што толькі ўчора справу перадалі судзьдзе, а там 29 тамоў! Як яна магла так хутка з гэтым разабрацца? Але ў прынцыпе, гэта ўсё чакана”, – сказаў сустаршыня БХД.

 

Нагадаем, што Віталя Рымашэўскага абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. 

 

Болей навін