У Гомлі прайшла канфэрэнцыя пра прабемах ліквідатараў аварыі на ЧАЭС
У суботу, 23 красавіка, у Гомлі прайшла канфэрэнцыя, прысьвечаная праблемам ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Падчас яе адбылася таксама прэзэнтацыя фільму прыхільніцы “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” Ларысы Шчыраковай “Ліквідацыя ліквідатараў”. Пра гэта прэс-службе БХД паведаміў каардынатар аргкамітэту па гомельскай вобласьці Юры Клімовіч.
У канфэрэнцыі ўзялі ўдзел людзі, якія непасрэдна будавалі саркафаг над чарнобыльскім рэактарам і ў выніку гэтага атрымалі інваліднасьць першай і другой груп. У лютым 2012 году ўлады намераныя пазбавіць іх статусу ліквідатараў. Таксама ў канфэрэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі сакратарыяту гомельскага аб’яднаньня дэмакратычных сілаў: Юры Клімовіч ад БХД, Пётр Кузьняцоў ад “Руху за Свабоду”, Юры Варонежцаў ад “Гавары праўду”.
25 красавіка дэмакратычныя актывісты накіроўваюцца дзьвюма групамі ў паездкі па рэгіёнах, найбольш пашкоджаных аварыяй на ЧАЭС, каб ушанаваць памяць загінулых і падтрымаць пацярпелых. Адна група накіроўваецца ў Брагін і Хойнікі, другая – у Ветку і Чачэрск. Ад БХД у паездцы бяруць удзел Юры Клімовіч і Ларыса Шчыракова, а таксама Андрэй Цянюта ад “Маладога фронту”.