Ларыса Геніюш і Натальля Арсеньнева: “Хрыстос Уваскрос! Уваскрэсьне наша Беларусь!” (вершы)
Больш за паўстагодзьдзі таму дзьве нашыя славутыя паэткі Ларыса Геніюш і Натальля Арсеньнева, адна ў савецкім ГУЛАГу, другая ў выгнаньні на чужыне, натхнёныя вялікім Сьвятам Уваскрасеньня Хрыстовага, прысьвяцілі свае вершы роднай Беларусі. Сёньня гэтыя вершы як ніколі пранізьліва адгукаюцца надзеяй у сэрцы кожнага сапраўднага беларуса.
Хрыстос уваскрос!
Хрыстос уваскрос!
і сьвет прачнуўся
вясной на гольлечку бяроз.
Ударыў звон на Беларусі:
Хрыстос уваскрос!
Хрыстос уваскрос!
Хрыстос уваскрос з крыві і болю,
каб сьветач праўды не пагас.
Васкрос Ён для крывіцкіх сёлаў,
васкрос Ён, брацьці, і для нас.
Так будзем помніць мы ў кайданах,
падняўшы сэрцы ўгару,
што так, як Бог ускрыжаваны,
уваскрэсьне наша Беларусь!
Ларыса Геніюш (1954)
Ускрэсьні!
Ён уваскрос,
Ён – дзесь між намі,
Ён там, дзе ў срэбным пыле лоз,
у сіняй смузе над палямі
вісіць вясна…
Ён уваскрос.
Ускрос,
і зноў па Беларусі
перад сабой ідзе Хрыстос…
Здымае з душ настылых вусьціш,
багаслаўляе соладзь кроз,
сяліб раскіданых прысады,
муры нязьлічаных вязьніц
і тых,
што пагублялі радасьць
па кроплі кропля й дзень па дні…
Ідзе Хрыстос… Над Ім дугою
ўстае густы блакіт нябёс,
а ногі ў ранах незагойных
кладуць сьляды на шэрань рос…
Дык прыпадзем
і вусны спалім
на тых сьлядох, што Бог Хрыстос
губляе, моўчкі йдучы ўдалеч,
бо Ён ускрос,
Ён уваскрос!
Няхай над родным папялішчам
усьцяж галосіць нема лёс,
няхай крывавяць нас і нішчаць, –
ускрэсьне Край,
бо й Ён ускрос!
Мацьней за сьмерць,
за ўсё,
каханьне
зямлі, дзе ад дзіцяці ўзрос…
Устань жа, ўстань,
ускрэсьні сяньня,
мой Край, як уваскрос Хрыстос!
Натальля Арсеньнева (1953)