Шэін пра перашкоду вернікам “Новага жыцьця” трапіць на Вялікдзень: “Улада ўзмацняе ціск на хрысьціянскія супольнасьці”

25 красавіка 2011 15:14  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Аляксей Шэін пракамэнтаваў сытуацыю з царквой “Новае жыцьцё”, вернікам якой улады на Вялікдзень перашкаджалі патрапіць на сьвяточныя богаслужэньні. “Сёньняшняя ўлада працягвае абмяжоўваць свабоды грамадзтва, ці то свабоду слова, ці то свабоду сходаў, ці рэлігійныя свабоды. Цяпер, пасьля таго, як схлынула хваля рэпрэсіяў улады супраць апазыцыі, мы назіраем рост ціску на хрысьціянскія супольнасьці”, – адзначыў ён.

 

“Прыкладам гэтага ёсьць і сытуацыя зь вернікамі “Новагга жыцьця”, аўтобус зь якімі ўлады двойчы спынялі па дарозе на богаслужэньне, а таксама нядаўні вельмі трывожны факт, калі ў Гомлі пракуратура вынесла папярэджаньне паводле артыкулу 193.1 вернікам незарэгістраванай баптысцкай царквы за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізаці. Здаецца, упершыню дадзены артыкул быў ужыты супраць рэлігійнай супольнасьці. Перад у гэтым у вернікаў прайшлі ператрусы, былі сканфіскаваныя духовая літаратура, дыскі”, – падкрэсьліў палітык.

 

“На жаль, працягваецца тая палітыка, якую ўлады праводзілі раней, да пачатку рэпрэсіяў пасьля 19 сьнежня. Прычым цяпер гэтая палітыка ўзмацняецца”, – лічыць Аляксей Шэін.

 

На Вялікдзень супрацоўнікі ДАІ двойчы спынялі прыватныя аўтобусы, якія везьлі вернікаў на велікодныя набажэнствы ў царкву “Новае жыцьцё”. Кіроўцам аўтобусаў заявілі, што яны неправамерна выкарыстоўваюць гэтыя транспартныя сродкі для перавозкі людзей, а пасажыраў двойчы высадзілі, ня даўшы ім даехаць да царквы.

Болей навін