Сёньня Чарнобыльскі шлях
У аўторак, 26 красавіка, у Менску на плошчы Бангалор адбудзецца мітынг, прысьвечаны чарговым, 25-м угодкам катастрофы на Чарнобыльскай Аэс. У гэтым годзе ўлады не дазволілі правядзеньне шэсьця ад Акадэміі навук, таму прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, вырашыўшы не ісьці не ісьці гэтым разам на канфрантацыю з уладамі, пагадзіліся правесьці 26 красавіка чарнобыльскі мітынг у Парку дружбы народаў на плошчы Бангалор.
Мітынг будзе доўжыцца з 18-00 да 20-00. Галоўным яго лёзунгам стане “Абаронім беларусаў ад радыяцыі”. Як распавёў адзін з заяўнікаў акцыі адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, на мітынгу “будуць прымацца рэзалюцыі: палітычная рэзалюцыя наконт палітвязьняў, рэзалюцыя супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі і сацыяльная рэзалюцыя, зьвязаная з тым, што адбіраюць льготы ў чарнобыльцаў, і непавагай дзяржавы да тых людзей, якія сваё здароўе і жыцьцё паклалі на ратаваньне ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС”.
Паводле яго словаў, рззалюцыя па палітычных вязьнях – “гэта адна з асноўных тэмаў асабліва перад судамі, якія зараз будуць па палітычных вязьнях. Таму, зразумела, што ў кантэксьце палітычнай сытуацыі мы гэту рэзалюцыю будзем прымаць. Яе асноўныя два пункты – гэта патрабаваньне спыніць перасьлед, спыніць рэпрэсіі. Другі – гэта патрабаваньне вызваліць палітвязьняў і спыніць крымінальныя справы”.
Жадаючыя з асабістай ініцыятывы змогуць ускласьці кветкі да Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай. Паводле папярэдняй дамоўленасьці зь міліцыяй, удзельнікі акцыі могуць прынесьці бел-чырвона-белыя сьцягі, а таксама транспаранты. Тым ня менш, прадстаўнікі ўладаў папярэдзілі заяўнікаў пра адказнасьць. А заяўнікі папярэдзілі міліцыянтаў пра недапушчальнасьць правакацыяў.