Суды за Плошчу. Распачаўся суд над Зьмітром Бандарэнкам

26 красавіка 2011 12:09  |  Навіны

26 красавіка суд Першамайскага раёну Менску пачаў разгляд крымінальнай справы супраць каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Змітра Бандарэнкі, чальца перадвыбарчага штабу былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Улады абвінавачваюць Бандарэнку ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў іх» (арт. 342, ч.1).  Нагадаем, па гэтым жа артыкуле абвінавачваюцца лідэры БХД Віталь Рымашэўскі, суд на якім пачнецца 5 траўня, і зьняволены ў СІЗА КДБ Павал Севярынец.

 

Палітыка судзіць Таццяна Рывінская. Афіцыйнае агенства карэспандэнт лукашэнкаўскага агенцтва “Інтэрфакс-Захад” паведаміў, што Зміцер Бандарэнка прызнаў, што ўдзельнічаў у масавай дэманстрацыі 19 снежня, але не прызнаў сваёй віны ні па адным іншым пункце абвінавачвання.

 

Паводле Інтэрфакса, прадстаўнікі органаў юстыцыі параілі не карыстацца ноўтбукамі. Сувязь ў судзе працуе з перабоямі. Пры гэтым сам Інтэрфакс перадае паведамленні.

 

Прадстаўнік абвінавачання лічыць Бандарэнку вінаватым у грубым парушэнні грамадскага парадку і непадпарадкаванні ўладам, паведамляе Інтэрфакс. Прадстаўнік абвінавачвання ўдакладніў, што Бандарэнка перашкодзіў працы прадпрыемстваў “БелЕвросеть”, пункта абмену валюты, станцыі метро “Кастрычніцкая” і Палаца культуры прафсаюзаў. Бандарэнку таксама вінавацяць у тым, што “праз Інтэрнэт заклікаў да ўдзелу ў акцыі на плошчы, выказваў надуманыя сцвярджэнні пра недэмакратычнасць выбараў і іх фальшаванне”.

“Фактычна кіруючы выбарчай кампаніяй Саннікава, здзейсніў злачынства, якое выявілася ў арганізацыі і ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак, спалучаных з непадпарадкаваннем законным патрабаванням органам улады і парушэннем работы транспарту і арганізацый”, – заявіў прадстаўнік абвінавачвання.

 

Падтрымаць Зміцер Бандарэнку ў суд прыйшло некалькі дзесяткаў чалавек. На працэсе прысутнічаюць дыпламаты АБСЕ і краін Еўрасаюза, а таксама бацькі журналісткі Ірына Халіп Уладзімер Халіп і Люцына Бяльзацкая. Адным з першых у залу суда ўвайшоў бацька Змітра. Ён гукнуў сыну: «Хрыстос уваскрос!» Той адказаў — «Сапраўды ўваскрос!». Дзеці перадалі Змітру намаляванае велікоднае яйка.

 

Шэраг маладых людзей увайшоў у залу суда па пасведчаннях БРСМ і занялі апошнюю лаву.

 

Сачыць за разгортваньнем судовага працэсу онлайн, а таксама паглядзець фота і відэа можна па наступных спасылках:
сайт газеты “Наша Ніва”;
сайт Радыё “Свабода”;
сайт  Хартыя97.

Нагадаем, палітык, які з’яўляецца даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, быў арыштаваны ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 года пасля шматтысячнай маніфестацыі пратэсту супраць парушэнняў дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. З таго часу ён знаходзіўся ў турме КДБ. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Змітру Бандарэнку 47 гадоў. Ён нарадзіўся ў Мінску. Выпускнік Інстытута фізкультуры, ён знайшоў сябе як журналіст. У 1997-м стаў адным з ініцыятараў падпісання «Хартыі-97» — ліста пратэсту супраць дыктатуры. Ад таго часу быў сярод лідараў «Хартыі» і «Еўрапейскай Беларусі».

 

За «Плошчу» асуджана ўжо восем чалавек: за ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму; Аляксандр Атрошчанкаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму; Мікіта Ліхавід — да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі, Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна; грамадзяне РФ Арцём Брэус і Іван Гапонаў — да штрафу ў 300 базавых велічыняў (10,5 млн. рублёў) кожны; Дзмітры Мядзведзь — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

За злоснае хуліганства былі таксама асуджаныя Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў — на два і чатыры гады пазбаўлення волі адпаведна. Іх затрымалі 18 снежня, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў.

Заўтра, 27 красавіка пачнецца суд над былым кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым, якога будуць судзіць у судзе Партызанскага раёна. Былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў абвінавачваецца ў арганізацыі «масавых беспарадкаў» і яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Вечарам 19 снежня ён быў жорстка збіты, і ад ночы прэзідэнцкіх выбараў ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

У гэты ж дзень, 27 красавіка, у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска пачнецца суд над Паўлам Вінаградавым, Алесем Кіркевічам, Дзмітрыем Драздом, Уладзімірам Хамічэнкам і Андрэем Пратасенем. Вінаградаў, Дрозд, Кіркевіч, Пратасеня, Хамічэнка абвінавачваюцца ў масавых беспарадках (артыкул 293 КК, ч.2, тэрмін пазбаўлення волі да 8 гадоў). Вінаградаў, апроч беспарадкаў, яшчэ ў абразе нацыянальных сімвалаў (арт. 370, спаліў пудзіла Лукашэнкі).

Болей навін