Рымашэўскі пра прысуд Бандарэнку: для ўладаў галоўнае не артыкул, а асоба
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі пракамэнтаваў прысуд каардынатару “Эўрапейскай Беларусі”, даверанай асобе экс-кандыдата Андрэя Саньнікава Зьмітру Бандарэнку, якога ўлады засудзілі да двух гадоў калёніі агульнага рэжыму.
Як і Віталя Рымашэўскага, Зьмітра Бандарэнку вінавацілі паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (“Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушалі грамадзкі парадак і былі спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэньне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяньнях “).
“Максымальнае пакараньне, якое прадугледжвае гэты артыкул, пры ўмове, што Зьміцер Бандарэнка ня меў прысудаў, – умоўны тэрмін. Але гэты суд у чарговы раз прадэманстраваў, што для ўлады важны не артыкул, а асоба і стаўленьне да яе ўлады”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.