Змітру Дашкевічу дазволена развітацца з маці
Па словах намесніцы старшыні Маладога фронту Насты Палажанкі, каб дамагчыся права развітацца з самым блізкім чалавекам, прыйшлося зрабіць вялікую працу, але ўсё вырашылася амаль у апошні момант:
– Змітра адпусцілі на момант развітання з маці, усяго думаю нейкая гадзінка. Едзе ён канвоем, у асобнай машыне, пад наглядам і з аховай. Для гэтага нам трэба было ездзіць у Старыя Дарогі, у Слуцк, пасля трэба было ўсе гэтыя дакументы везці ў Маскоўскі суд, дзе я празмаўляла з намеснікам старшыні суду, а сёння я размаўляла з начальнікам турмы, і мы ўдакладнялі ўсе моманты, як яно мусіць быць. Кіраўніцтва СІЗА шукала яму канвой і яны вызначаюць фарматы, як мае выглядаць развітанне Змітра з матуляй.
Наста Палажанка і яшчэ некалькі прадстаўнікоў Маладога фронту таксама накіраваліся ў Старыя Дарогі, дзе адбудзецца развітанне з Вольгай Дашкевіч і яе пахаванне. Ёй было 54 гады, яна хварэла, нават не прысутнічала на судзе над сынам. У ноч на 26 красавіка ў яе раптоўна спынілася сэрца.