Сёньня другі дзень судоў за Плошчу-2010: Саннікаў, Яроменка, Кіркевіч і яшчэ 7 чалавек

28 красавіка 2011 14:10  |  Навіны

Сёньня, 28 красавіка, у Партызанскім і Кастрычніцкім судах Менска (вул. Сямашкі, 33) працягваюцца 2 судовыя працэсы, на якіх судзіць адразу 10 чалавек, абвінавачаных у арганізацыі і ўдзеле ў акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў у Менску 19 сьнежня 2010 года, у тым ліку першага з кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саньнікава, а таксама сябраў БХД і Маладога фронту Алеся Кіркевіча і Уладзя Яроменка. Сябры аргкамітэту БХД заклікаюць ўсіх людзей добрай волі прыходзіць ў суды, каб падтрымаць палітвязьняў. 

Усе падсудныя абвінавачваюцца па артыкуле 293 ч.1 і ч.2 (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках), Вінаградаў яшчэ і па артыкуле 370 ч.2 (абраза нацыянальнай сімволікі). У Партызанскім судзе справу разглядае суддзя Наталля Чацвертакова, у Кастрычнікцім судзе працэс вядзе суддзя Ала Булаш.

 

Учора на абодвух працэсах дапыталі ўсіх абвінавачаных акрамя Паўла Вінаградава, які адмовіўся даваць паказаньні. У прыватнасьці, Алесь Кіркевіч у сваіх паказаннях, распавёў, што быў на плошчы ў якасьці аховы кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Сам нічога не штурмаваў, удары не наносіў, міліцыі спачатку ня бачыў. Абараняючыся, штурхаў нейкага чалавека ў натоўпе. Каля ганку дома ўраду атрымаў два разы дубінкай па галаве. Заклікаў ісьці ў Дом ураду ня чуў. Ніякіх бутэлек, каністраў, зброі, сякераў ён ня бачыў.

 

Уладзь Яроменак пра свае дзеяньні 19 сьнежня даў паказаньні, што таксама сымпатызаваў кандыдату ў прэзыдэнты Віталю Рымашэўскаму і на ягоны заклік прыйшоў на месца збору ля вакзалу ў Менску. Ніякіх прадметаў на Кастычніцкую плошчу ён не прыносіў. Калі Уладзь падыйшоў да Дому ўраду, то спачатку стаяў ля помніка Леніну. Пазьней пачуў, што нешта адбываецца ля ўваходу ў Дом ўраду, што пасьля чыёйсьці правакацыі людзі пачалі біць дзьверы. І ён, не да канца разумеючы, што робіць, далучыўся да гэтых людзей, некалькі разоў ударыў у дзьверы рукамі і нагамі. Потым міліцыя адцясьніла яго разам зь іншымі. Яроменак заявіў, што раскайваецца ў тым, што ўчыніў 19 сьнежня ля Дому ўраду.

Сёньня дапытваюць так званых “пацярпелых” міліцыянтаў. У сьпісе на абодва працэсы выкліканыя тыя ж самыя прозьвішчы, што фігуравалі і на судах Атрошчанкава, Новіка, Маўчанава, Мядзьведзя, Брэўса, Гапонава.

Болей навін